Цытаты мінулага – 14 сакавіка

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 14 сакавіка
“Звязда”, 1935 год:

“Недалёка ад вёскі Лозні, Нохаўскага сельсовета, Рэчыцкага раёна, лісіца, выратоўваючыся ад праследвання паляўнічага Малашчанка, схавалася ў нару. Паляўнічы выкапаў канаву, лёг у яе бокам, нагнуўся і прабаваў дастаць лісіцу. У гэты час сабака скочыў на ляжаўшага паляўнічага і ўтыркнуў яго і сваю галаву ў нару. Спробы вырвацца з нары аказаліся дарэмнымі. Паляўнічы, сабака і лісіца задушыліся”.

“Советская Белоруссия”, 1965 год:

“Працоўных Беларусі радуе бурны рост эканомікі і культуры нашай рэспублікі. З пачуцьцём законнай гордасьці, надзвычайнага задавальненьня яны казалі на перадвыбарчых сходах пра тыя выдатныя перамены, якія адбыліся за апошнія гады ў кожным горадзе і вёсцы, у жыцьці і лёсах савецкіх людзей… Па ўсёй Беларусі ўздымаюцца карпусы заводаў, фабрык і электрастанцый, будуюцца жылыя дамы, школы, бальніцы, кінатэатры. Толькі летась перасяліліся ў новыя дамы і палепшылі жыльлёвыя ўмовы больш як 300 тысяч працоўных рэспублікі”.

“Звязда”, 1995 год:

“Група сацыёлагаў пад кіраўніцтвам дацэнта Полацкага ўніверсітэта Васіля Шайнова правяла ў канцы лютага… апытанне гараджан, якое мела на мэце высветліць іх адносіны да нацыянальнай сімволікі і дзяржаўнасці беларускай мовы. 46,8 працэнтаў апытаных выказаліся ў падтрымку бела-чырвона-белага сцяга. 17,4 працэнта жыхароў горада аддаюць перавагу сцягу былой БССР… Пазітыўныя адносіны да заканадаўчага замацавання за беларускай мовай статусу дзяржаўнай выказалі 38,5 працэнта рэспандэнтаў, процілеглай думкі прытрымліваюцца 36,1 працэнта гараджан”.