Гарадзенскі журналіст выйшаў на волю пасьля 10 сутак арышту

Сяргей Астраўцоў, Горадня 13 сакавіка ў Горадні выйшаў на волю журналіст Андрэй Пачобут, які працуе для інфармацыйнага інтэрнэт-сайту “Газэта “Пагоня”. Яго пасадзілі на 10 сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 3 сакавіка.
А.Пачобут тры дні запар у рэжыме on line асьвятляў для свайго сайту акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Яго знаходжаньне на месцы падзеі суд палічыў удзелам у мітынгу.

Усяго за акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Горадні былі арыштаваныя пяць чалавек. У міліцэйскім спэцпрыёмніку, дзе сядзеў А.Пачобут, застаюцца яшчэ кіраўнік дэмакратычнага руху “Гарадзенскі выбар” Зьміцер Іваноўскі і прадпрымальнік і праваабаронца Мікола Лемяноўскі. Абодвух пасадзілі на 15 сутак.

Заўтра на волю выйдзе намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, якога пакаралі арыштам на 10 сутак таксама нібыта за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Ён сядзіць у міліцэйскім ізалятары часовага ўтрыманьня.