Шчукін пасьпяхова аспрэчыў усе тры вынесеныя яму папярэджаньні

Браніслава Станкевіч, Віцебск Вядомаму апазыцыянэру, праваабаронцу Валерыю Шчукіну ўдалося аспрэчыць адразу тры папярэджаньні, вынесеныя адміністрацыйнай камісіяй Першамайскага раёну г.Віцебска. Нагадаю, што папярэджаньні спадар Шчукін атрымаў за распаўсюд улётак напярэдадні выбараў ды рэферэндуму 17-га кастрычніка мінулага году. Але Першамайскі раённы суд, у які зьвярнуўся вядомы праваабаронца, мусіў адмяніць пастанову камісіі, бо Валерыю Шчукіну ўдалося давесьці, што яго пакаралі беспадстаўна.
Чаму судовы працэс, ініцыяваны Валерыем Шчукіным супраць Першамайскай адміністрацыйнай камісіі цягнуўся так доўга – амаль чатыры месяцы? На думку Валерыя Шчукіна, такім працяглым судовы працэс быў з прычыны свае незвычайнасьці – далёка ня кожны стане абскарджваць у судзе рашэньне камісіі райвыканкаму. Тым болей што адміністрацыйныя камісіі звычайна разьбіраюць нейкія пабытовыя справы, накшталт сямейных сварак або суседзкіх спрэчак, у якія ўступаюць, як правіла, ня дужа абазнаныя ў заканадаўстве людзі.

А ў выпадку з Валерыем Шчукіным было іначай: яго выклікалі на камісію за распаўсюд улётак супраць датэрміновага галасаваньня, а таму справу ягоную адразу назвалі палітычнай. Разьбіралі на камісіі адразу тры выпадкі – затрыманьні за распаўсюд улётак 23-га і 27-га верасьня, а таксама 7-га кастрычніка. І, падобна, вызначальнай для сябраў камісіі стала фармулёўка з міліцэйскіх пратаколаў пра тое, што распаўсюд улётак – гэта парушэньне грамадзкага парадку, а таксама нанясеньне шкоды дзяржаўнаму ладу, бо яны ўтрымліваюць палітычную інфармацыю.

Пачуўшы такое меркаваньне міліцыянтаў, сябры камісіі тут жа пагадзіліся зь ім, і нават хто-ніхто выказаў прапанову аштрафаваць спадара Шчукіна. Урэшце, вырашылі абмежавацца папярэджаньнямі, якія і былі пазьней аспрэчаныя ў судзе. Дарэчы, каб давесьці сваю невінаватасьць, Валерыю Шчукіну давялося сабраць вельмі шмат розных дакумэнтаў пра тое, што кожны грамадзянін мае права распаўсюджваць улёткі, якія ён уласнаручна вырабіў і колькасьць якіх не перавышае 299 паасобнікаў. Ён мусіў таксама зьвярнуцца па дапамогу ў віцебскую філію БХК і адстойваў свае інтарэсы ў судзе разам з праваабаронцам Паўлам Левінавым.

Але ж папярэджаньне – гэта не такое ўжо сур’ёзнае пакараньне як штраф або накіраваньне ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Што прымусіла такога вядомага праваабаронцу, як Валеры Шчукін, аспрэчваць такое нязначнае пакараньне? На думку Валерыя Шчукіна, тры папярэджаньні адразу – гэта не такое ўжо нязначнае пакараньне. Асабліва з улікам таго, што леташні досьвед распаўсюду ўлётак ён зьбіраецца выкарыстоўваць і перад наступнымі, прэзыдэнцкімі выбарамі.

(Шчукін: ) “Я задаволены рашэньнем суду, нягледзячы на тое, што ён цягнуўся так доўга і марудна. Не за гарамі ж і наступныя выбары, і нам застаецца толькі адно: надрукаваў улётку, адзьняў яе на ксэраксе ды раздавай людзям! І каб мяне на наступных выбарах не хапалі, я цяпер працую на будучыню!”

Дарэчы, плён працы Валерыя Шчукіна ўжо прыдаўся віцебскім апазыцыянэрам. Падобную заяву ў суд, каб абскардзіць рашэньне тае самае адміністрацыйнае камісіі Першамайскага раёну ўжо падаў старшыня гарадзкой суполкі партыі БНФ Уладзіслаў Токараў, якому таксама ў студзені гэтага году было абвешчана папярэджаньне за распаўсюд улётак.

Свае чаргі чакае і намесьніца старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская. За распаўсюд улётак і газэтаў яе былі выклікалі на камісію ў Кастрычніцкі райвыканкам, аднак пасьля першага ж пасяджэньня, на якім яна згадала прыклад Валерыя Шчукіна, разгляд справы перанесьлі, і ўжо амаль месяц спадарыня Залеская чакае працягу.

(Залеская: ) “Я думаю, што мяне болей выклікаць ня будуць, і ўвогуле ўсё спусьцяць, як кажуць, “на тармазах”. Але я гэтага не спушчу “на тармазах”! Я ўжо напісала заяву ў пракуратуру. Шчукін усё вельмі аўтарытэтна патлумачыў, і я буду патрабаваць рашэньня камісіі пра тое, што мяне несправядліва затрымалі”.

На думку спадарыні Залескай, пасьля перамогі Валерыя Шчукіна ў судзе адміністрацыйныя камісіі будуць ставіцца да справаў апазыцыянэраў больш уважліва, прынамсі, ня будуць абвінавачваць людзей толькі за тое, што яны распаўсюджваюць недзяржаўныя друкаваныя выданьні.