1 сакавіка – агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў

Міхал Стэльмак, Менск 1 сакавіка мае пачацца агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі мяркуюць сабрацца сёньня апоўдні на Кастрычніцкай плошчы і ўручыць свае патрабаваньні Аляксандру Лукашэнку. Як мы ўжо паведамлялі, галоўная мэта акцыі – пратэст прадстаўнікоў дробнага бізнэсу супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць на тавары, што ўвозяцца з Расеі.
Якія апошнія зьвесткі пра гатоўнасьць прадпрымальнікаў да абвешчанага імі страйку? Учора я меў размовы з многімі бізнэсоўцамі, якія пацьвердзілі папярэдні намер сказаць цьвёрдае “не” падатку на дабаўленую вартасьць. Як вынікае зь іх тлумачэньня, іхняя пазыцыя ў дачыненьні да акцыі была сфармаваная ня ўчора і нават ня пазаўчора, а літаральна ў той самы дзень, калі ўлады абвясьцілі пра падатковае новаўвядзеньне.

Я нагадаю, што яно стала вынікам міжурадавага пагадненьня Беларусі і Расеі аб зьмене прынцыпу спагнаньня падатку на дабаўленую вартасьць. Беларускія ўлады сьцьвярджалі напачатку пра дамову з расейцамі, што пры пераходзе на гэты новы прынцып паводле краіны прызначэньня расейцы зьменшаць на 18 адсоткаў кошты сваіх тавараў, у тым ліку для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Але насамрэч нічога гэтага ня адбылося. Беларускія бізнэсоўцы апынуліся пад дадатковы фінансавым прэсам у 18 адсоткаў, які, паводле іх падлікаў, ім не па плячы. Даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасьці, якія яны мелі дагэтуль, будуць цалкам “зьедзеныя” падаткам на дабаўленую вартасьць. У выніку такое прадпрымальніцтва робіцца бессэнсоўным.

Бізнэсоўцы, зразумела, спадзяваліся, што ўлады пасьля дэталёвага аналізу наступстваў новаўвядзеньня яго скасуюць альбо знойдуць некія кампэнсацыйныя мэханізмы. Нічога гэтага ня адбылося. Учора ўвечары намесьнік міністра падаткаў і збораў Васіль Каменка чарговы раз заклікаў прадпрымальнікаў адумацца і прыняць прапанаваныя ўрадам “правілы гульні”. Вось чаму страйк, як патлумачылі мне гандляры менскага рынку “Дынама”, дае ім ці не адзіны шанец прымусіць улады перагледзець сваё рашэньне:

(Спадарыня Галіна: ) “У пятніцу ў нас быў сход прадпрымальнікаў Ленінскага раёну. З 2 тысяч прадпрымальнікаў толькі 8 чалавек згодныя на падатак на дабаўленую вартасьць”.

(Спадарыня Валянціна: ) “І то яны ня тое, каб згодныя, а ў надзеі на тое, што-небудзь зьменіцца”.

(Спадарыня Галіна: ) “Бачыце, як яны кажуць: аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю, аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў трэба паказваць дакумэнты, якіх мы сабраць ня можам. Нас адразу штурхаюць на крымінал. Хаця яны самі ўсё разумеюць, але людзі “паднявольныя” – выконваюць сваю працу”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Іх словы былі: мы вам спачуваем”.

(Спадарыня Галіна: ) “Прадпрымальнікі пойдуць усе”.

(Спадарыня Валянціна: ) “І ня толькі 1 сакавіка, але й 25-га сакавіка”.

У якой форме пройдзе заплянаваная на сёньня акцыя? Адметнасьцю сёньняшняга страйку ёсьць байкатаваньне падатковых выплатаў. Бізнэсоўцы адмовіліся плаціць падатак за сакавік. Паводле грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, колькасьць такіх неплацельшчыкаў у цэлым па краіне – каля 100 тысяч. Гэтыя людзі папярэдзілі пісьмова падатковыя інспэкцыі, што яны прыпыняюць сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць да таго часу, калі будзе адменены падатак на дабаўленую вартасьць.

Такім чынам, можна казаць пра тое, што ад сёньняшняга дня беларускія рынкі, найперш рэчавыя, прыпыняюць працу на няпэўны час. Прадпрымальнікі па-рознаму мяркуюць выказаць свой пратэст. Адны будуць чакаць вынікаў акцыі дома. Іншыя зьбіраюцца пратэставаць актыўна. А менавіта: яны мяркуюць сабрацца сёньня апоўдні на Кастрычніцкай плошчы і ўручыць прадпрымальніцкія патрабаваньні Аляксандру Лукашэнку. Дарэчы, на гэтую сталічную плошчу зьбіраюцца прыйсьці ня толькі бізнэсоўцы-менчукі, а й прадпрымальнікі рэгіёнаў, якія плянуюць прыехаць у Менск. У прыватнасьці, вось што паведаміў мне на гэты конт лідэр прадпрымальнікаў Лепеля Алег Тычына:

(Тычына: ) “1 сакавіка лепельскія прадпрымальнікі едуць дружна на гэтую плошчу. Ужо замоўлена 15 мікрааўтобусаў. Бярэм бутэрброды на 3 дні, тэрмасы, грошы. І будзем імкнуцца стаяць: дзень-ноч, дзень-ноч. У нас пра гэта ведае выканкам і КГБ. Тут няма ніякага сакрэту”.

Як вынікае са словаў спадара Тычыны, акцыя на плошчы можа ня скончыцца адным сёньняшнім днём. Бізнэсоўцаў можа задаволіць толькі адзін вынік – адмена падатковага новаўвядзеньня. Пры ўсіх іншых выніках, як зазначыў у гутарцы са мной лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка, прадпрымальнікаў чакае цяжкая будучыня:

(Шумчанка: ) “Гэта ўжо больш як страйк. Страйк – гэта калі людзі бачаць, што ёсьць пагроза, яны спыніліся, і затым выйшлі на працу. А тут сытуацыя, калі людзі ўжо ня могуць ажыцьцяўляць сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць. Яны пастаўленыя перад дылемай: наагул спыненьня бізнэсу. Ім нічога не застаецца як не плаціць падаткі і чакаць вырашэньня сытуацыі да яе поўнага ўрэгуляваньня”.