Леванеўскаму адмовілі ў зьмякчэньні пакараньня

Сяргей Астраўцоў, Горадня Кіраўніку агульнаацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыю Леванеўскаму адмовілі ў зьмякчэньні пакараньня. Просьбу замяніць яму зьняволеньне ў калёніі агульнага рэжыму на папраўчыя работы ён накіраваў адміністрацыі магілёўскай калёніі N19.
16 лютага Валерыя Леванеўскага выклікалі на камісію, якая разглядала ягоную просьбу, і сказалі, што ён зьяўляецца “злосным парушальнікам рэжыму”, таму мера пакараньня для яго застанецца ранейшай. Пра гэта стала вядома толькі цяпер, калі сям’я Леванеўскага атрымала ад яго ліст з калёніі.

Валерыя Леванеўскага асудзілі на 2 гады зьняволеньня разам зь ягоным намесьнікам Аляксандрам Васільевым за публічную абразу прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Прысуд быў зачытаны 7 верасьня летась. А тэрмін зьняволеньня для спадара Леванеўскага адлічваецца з 15 траўня 2004 году, з пачатку ягонага арышту.