Міхась Скобла, Менск (эфір 21 лютага). Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.
Штогод я набываю насьценны адрыўны каляндар “Родны край”, які сярод сабе падобных заўсёды быў ці не найбольш беларускім. І ня толькі паводле мовы, але і паводле датаў і сьвятаў, якія ў тым календары адзначаліся. Жыць па “Родным краі” сталася ўжо традыцыяй. Але сёлета “Родны край” выйшаў у дзяржаўным выдавецтве “Беларусь” у заўважна цэнзураваным выглядзе. Яго складальнікі “забыліся” на многія даты і юбілеі. Сярод іншых адсутнічае ў календары і юбілейная дата 24 лютага, калі спаўняецца 70 гадоў народнаму паэту Рыгору Барадуліну.
(Міхась Скобла: ) “Дзядзька Рыгор, а вам ня крыўдна, што вашага юбілею няма ў афіцыйным календары?”
(Рыгор Барадулін: ) “Ну, раз палічылі, што няма такой даты, хай будзе так. Я з-за гэтага ня дужа перажываю. Калісьці быў выдатны дзіцячы паэт-лірык Васіль Вітка. У яго былі радкі пра тое, як паэт напісаў верш пра жаўранка, нясе яго ў рэдакцыю і хвалюецца: надрукуюць ці не? Помню, як той верш заканчваўся: “А што, калі не надрукуюць? Ат, жаўранка і так пачуюць!” От і я сябе гэтым цешу. У нас наагул дзіўна. Выйшла кніга “Памяць” Вушацкага раёну. Дык там дадзеныя пра мяне толькі да 1986 году. Нават не паведамляецца, што я ганаровы грамадзянін Вушаччыны. Ну й хай сабе. У маім узросьце мяне гэта мала хвалюе”.
(Скобла: ) “Тыдзень таму мы з вамі сустракаліся ў лесе, у Ждановічах. Бераг Менскага мора — не Міжземнамор’е. Як вам там адпачылася?”
(Барадулін: ) “Як ні дзіўна гучыць, але я ўпершыню быў у санаторыі. І мне адкрыўся раней малавядомы цэлы пласт насельніцтва. Гэта сапраўды электарат нашага кіраўніцтва”.
(Скобла: ) “І што за кантынгент адпачывае цяпер у калісьці элітным санаторыі?”
(Барадулін: ) “Гэта пераважна былыя кіраўнікі, яшчэ можна сустрэць некалькіх удзельнікаў штурму Зімняга. Часам пракідваюцца “чарнобыльцы”, але іх вельмі мала. Пераважна такія, якіх я называю прафэсійнымі адпачыньнікамі. І размовы ў іх адпаведныя. “Я ў люксе”. “А я ня ў люксе”. “А ў тым санаторыі было так”. “А ў тым кармілі лепш” і падобнае. Сядзіць адна дама з былых кіраўнікоў. Даюць 200 грамаў адвару з траваў — для супакаеньня, для нырак. Доктар прапісвае: “Піць па сто грамаў ранкам і вечарам”. А яна пытаецца: “А ці можна разбавіць мінэральнай вадой?” “Навошта?” “А каб болей было!”
Стаіць на тэрыторыі санаторыя помнік Леніну, увесь у сьнезе. Дык я кажу: вас жа тут столькі камуністаў, былых і цяперашніх, хоць бы абмялі. Не, гэта іх не цікавіць. Пакуль гэты электарат будзе жыў-здароў, ніякіх пераменаў да лепшага ў нас ня будзе”.
(Скобла: ) “І быць таго ня можа, каб сваіх назіраньняў вы ня выклалі ў эпіграме”.
(Барадулін: ) “Я напісаў такое “вясёлае”, на сон, двухрадкоўе “Далягляд”:
Глядзіць далей электарат, Калі вісіць на ліхтарах.
Ці яшчэ:
Навошта тлум ідэй? Навошта шчыры гнеў? Патрэбна жыць прасьцей: Пад’еў — аюсь у хлеў!”
(Скобла: ) “Літаратура за час свайго існаваньня перажыла безьліч і росквітаў, і заняпадаў. Быў і залаты, і срэбны век паэзіі. А цяпер які — напачатку ХХІ стагодзьдзя ў Беларусі?”
(Барадулін: ) “У нас цяпер сынтэтычны век. Біблія пісалася ад рукі, не набіралася на кампутары. А цяпер суцэльная тэхнізацыя нараджае сынтэтычную паэзію. Можа, яна й такая трэба. Магчыма, яна калісьці вернецца да зямлі, але пакуль адрываецца. Штучная паэзія зручная для абалваньваньня народу. Я маю на ўвазе гэткую страшную зьяву, як расейскамоўная папса. Блатныя, лягерныя песьні ў параўнаньні зь ёй — клясыка”.
(Скобла: ) “Вы заўсёды шмат перакладалі, кажучы вашымі ж словамі, “ад мовы да мовы масьцілі кладку”. І я заўважыў, што вы перакладаеце ня толькі клясыкаў усясьветнага маштабу, як Фэдэрыка Гарсія Лорку ці Габрыэлю Містраль, але й прадстаўнікоў малых і пакрыўджаных народаў, прыкладам, курда Ганада Чарказяна ці чачэнца Зелімхана Яндарбіева… Чаму так?”
(Барадулін: ) “Калі я перакладаю ўсясьветную клясыку, я хачу, каб наша мова была зь ёю нароўні. А наконт малых народаў… Я заўсёды гаварыў, што няма народаў малых, бываюць малыя паэты. Вы вельмі правільна сказалі пра пераклады пакрыўджаных. Бо, кажучы словамі Сяргея Ясеніна, “в своей стране я словно иностранец”. Таму мне й хочацца падаць руку гэткім жа пакрыўджаным. Пакрыўджаная мова вельмі адгуклівая да таварышкі па няшчасьці. Таму я й перакладаў і Чарказяна, і Яндарбіева”.
(Скобла: ) “Калі вы нядаўна прапанавалі часопісу “Дзеяслоў” пераклады з таласкай мовы, то, прызнаюся, усёй маёй філялягічнай адукацыі хапіла, каб запытацца: а што, дзед Талаш таксама пісаў вершы? Дзе жыве такі народ — талашы?”
(Барадулін: ) “Самае цікавае, што слова талыш адразу адгукаецца як Талаш, дзед Талаш”.
(Скобла: ) “А, правільна ўсё-ткі — талышы?”
(Барадулін: ) “Так, талышы. Іх некалькі мільёнаў, жывуць яны ў Азэрбайджане. Мова ў іх вельмі старажытная, бярэ свае пачаткі ад Авэсты. Талышы і за савецкім часам былі забытыя, і цяпер у загоне”.
(Скобла: ) “Таксама пакрыўджаны народ?”
(Барадулін: ) “Так-так. Азэрбайджанская савецкая ўлада іх увогуле не прызнавала й не заўважала”.
(Скобла: ) “І каго вы пераклалі з талыскай?”
(Барадулін: ) “Ёсьць у іх паэт Ханалі Талыш. Ханалі — гэта імя, а псэўданімам ён абраў імя народу, як Леся Ўкраінка. Яшчэ пры Гейдары Аліеве адзін навуковец зь Пецярбургу напісаў пра талышоў. Дык азэрбайджанскае афіцыйнае радыё з дня ў дзень пачало трубіць, што няма такога народу, няма такой мовы й падобнае. А пасьля спахапіліся: мы ж ім рэкляму робім! І якраз гэтая прапагандысцкая кампанія абудзіла талышоў да жыцьця. Яны ўспомнілі, што яны ёсьць. Самае страшнае –– гэта замоўчваньне. А да таго, каго б’юць, заўсёды зьяўляюцца шкадаваньне й павага”.
(Скобла: ) “Самая сьвежая вашая кніга — акурат перакладная: “Сэрца майго сьвятыня” Зелімхана Яндарбіева, яна нядаўна выйшла ў Вільні. Стаўленьне ў сьвеце да яго неадназначнае. У Расеі ён — тэрарыст, таму й быў змушаны жыць у Катары, дзе й загінуў. Нагадаю, што пасьля сьмерці Дудаева ў 1996 годзе Яндарбіеў выконваў абавязкі прэзыдэнта Чачэніі. Скажу шчыра, я недаверліва стаўлюся да паэзіі палітыкаў”.
(Барадулін: ) “Яндарбіеў стаў палітыкам не ад добрага жыцьця. Пад канец жыцьця ён быў духоўнай асобай — імамам Чачэніі. Калі ён быў яшчэ жывы, мы гаварылі зь ім па тэлефоне. І калі я яму сказаў, што пераклаў імама Чачэніі й Папу Рымскага, а другія канфэсіі перакладаць ня буду, ён засьмяяўся. Я яго ўспрымаю як паэта. Бо палітыка — гэта вецер, а паэзія — гэта вечнае. Ды й быць палітыкам маленькага народу ў расейскім палітычным моры дужа цяжка. Для палітыка Зелімхан быў занадта шчырым і даверлівым. Дарэчы, апошні ягоны клопат — пераклад Карану на чачэнскую мову. Таксама ён пабудаваў мячэт, па якім былі нанесеныя першыя расейскія ўдары. І мячэт той разбурылі. Дарэчы, калі пачынаўся налёт самалётаў, ён выбягаў з дому з канарэйкай у клетцы”.
(Скобла: ) “Учынак паэта. Палітык ратаваў бы што іншае”.
(Барадулін: ) “Абсалютна. Дакумэнты там розныя... А ён — канарэйку. Яндарбіеў быў проста вымушаны займацца палітыкай. Як і нашыя Вацлаў Ластоўскі, Янка Купала, Цішка Гартны… Яны вымушаныя былі ратаваць мову, народ, Край. А прафэсійных палітыкаў у нас і цяпер мала. А трэба, каб былі прафэсійныя палітыкі й грошы. Уладзімер Ільліч Ленін без вагончыка золата нічога з браневіка не навяшчаў бы”.
(Скобла: ) “Зелімхан Яндарбіеў прысьвяціў вершы Васілю Быкаву, Зянону Пазьняку. Адкуль у яго такая зацікаўленасьць Беларусьсю?”
(Барадулін: ) “Зелімхан сачыў за падзеямі ў Беларусі, часта званіў, пра нешта пытаўся. Ён разумеў беларускую мову. Калі я яму верш прысьвяціў, ён узяў яго ў рамачку й трымаў на сваім стале.
Няхай жыве вялікая Чачэнія! Хай менее прадажных слабакоў. Народ нязломны варт найменьня генія І ўдзячнасьці забытлівых вякоў.
Ня будуць душы дужых вырачэнцамі, Не прамяняюць родны Край на рай. Бо ў гэты сьвет іх Бог паслаў чачэнцамі — Любіць і засланяць свой Край ад зграй.
Як перад сонцам, стану на калені я Перад душой, сьвятой у барацьбе. Ты чуеш, небачолая Чачэнія, Як рупіцца Пагоня да цябе!
Яндарбіеў яшчэ пасьпеў напісаць прадмову да сваёй беларускай кнігі, дзе сваё знаёмства зь Беларусьсю назваў “падарункам ад Звышняга”. Дарэчы, узарвалі Зелімхана па дарозе зь мячэту, дзе ён маліўся. А маліўся ён ня толькі за Чачэнію, але й за Беларусь і за сваіх беларускіх сяброў. Прасіў у Бога спагады для беларусаў. І гэта сымбалічна”.
(Скобла: ) “Адначасова зь вершамі імама Чачэніі Яндарбіева вы пераклалі й творы Рымскага Папы Яна Паўла ІІ. Мусульманства й хрысьціянства (каталіцызм у дадзеным выпадку) — два розныя сьветы. Вам гэта не перашкаджала?”
(Барадулін: ) “Я лічу, што Бог адзін, а канфэсіі — гэта прафэсіі. Хай сабе гэта трохі й кашчунна гучыць. Беларусы — гэта кшчоныя паганцы. У кожным народзе чым глыбей паганскія карані, тым ён больш трывалы, тым больш трывалая яго мова. І гэта так і ў нас, і ў чачэнцаў. Канфэсіі — гэта наноснае, а самае глыбіннае — гэта паганства. Яно не пярэчыць Богу, яно славіць тварбу Божую. А калі пакланяюцца тварбе Божай, значыць, пакланяюцца Богу”.
(Скобла: ) “Калі вы сказалі пра тварбу Божую, мне прыгадаліся словы Ўістана Одэна. Дакладна не памятаю, але штосьці такое: кампазытару Баху пашанцавала, паколькі ён, калі хацеў славіць Усявышняга, пісаў месу, адрасаваную непасрэдна Ўсявышняму. А калі паэт хоча славіць Творцу, то вымушаны зьвяртацца да яго праз пасярэднікаў, гэта значыць, гаварыць пра сьвет, які ёсьць твор, і славіць твор, а не самога Творцу… Кажуць, што натхненьне — гэта калі Бог дыктуе. Але ж калі Ён дыктуе, то можна Яму й адказваць…”
(Барадулін: ) “Паводле Бібліі, “напачатку было Слова, і ўсё сталася празь яго”. Тут вельмі складана разабрацца: гук і слова — што было першым? Я лічу, што гук мае слоўную аснову. Самы геніяльны музыка ўсё-ткі думае словамі. Немагчыма думаць гукамі, мэлёдыяй. Слова мае сваю плоць. У Бібліі ж нідзе няма, што першым быў гук. Так што, відаць, можна й словам непасрэдна зьвярнуцца да Звышняга. У біблейскім значэньні слова закладзеныя, відаць, былі й гук, і мэлёдыя, і хвалі. І радыёхвалі”.
(Скобла: ) “Паэт разьнявольвае слова, дае яму палёт, але ёсьць людзі, якія ставяць на яго сілкі. У нашай краіне сёньня адноўленая цэнзура — каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова паслухаць тых, хто працуе ў РВУ “Літаратура і мастацтва”. Як вы лічыце, дзяржаўная цэнзура павінна быць, ці пісьменьнік мае права быць падобным да жонкі кесара, якую ніхто ня мог кантраляваць?”
(Барадулін: ) “Цэнзура неабходная толькі дзяржаве. Мастаку, паэту яна не патрэбная. Самае галоўнае для яго ў любой сытуацыі — не прадаць душу д’яблу. Душа, яна непадцэнзурная. Самае галоўнае — не ісьці на павадку. Мастак сам сябе кантраляваць павінен, каб ня быць, як сёньняшняя моладзь гаворыць, “адвязаным”.
(Скобла: ) “Каб не пісаць, як Андрэй Вазьнясенскі: “Чайка — гэта плаўкі Бога”.
(Барадулін: ) “Во-во. Ці — нядаўна ў “Нашай Ніве” быў верш надрукаваны, “Хлопчык і копчык”. Ну нельга ж трагедыю Купалы ператвараць у танную перасьмешку! Гэта непавага і да Купалы, і да самога сябе. Нейкі самакантроль павінен быць, каб не выходзіць за рамкі агульначалавечага. Трэба ведаць трагедыю Купалы, ён жа некалькі разоў спрабаваў скончыць самагубствам. І ператвараць тое ў камэдыю — гэта ўсёдазвол, гэта горш, чым цэнзура! У зьвяроў і тое ёсьць нейкія рамкі паводзінаў, і ў чалавека павінны быць. Ва ўсёдазволе ёсьць адзін цікавы аспэкт. Ат, пішыце, што хочаце, толькі ўладу не чапайце. А ў нас цяпер так: усёдазвол на пашляціну, на антыбоскія рэчы”.
(Скобла: ) “Вы згадалі Янку Купалу. Давайце закранем тэму тырана й паэта. Купала славіў Сталіна, а Пікасо напісаў ягоны партрэт. Такая творчасьць прыніжае генія?”
(Барадулін: ) “Па-першае, Богу — Богава, а кесару — кесарава. А па-другое, сабакам трэба кідаць косткі. Купала кідаў косткі, яго прымушалі, бо хацелі, каб менавіта Купала напісаў пра Сталіна. Бо астатнія не дацягвалі, як ні пяліся. Купала пісаў сталінскія панэгірыкі — як кідаў сабакам косткі, гэта ў ягонай творчасьці не засталося”.
(Скобла: ) “Ну як не засталося? У поўным зборы твораў амаль увесь пяты том — “Табе, правадыр, мае песьні і думы…”
(Барадулін: ) “Том гэты — як сьведчаньне, у якіх умовах жыў Купала, і да чаго яго давялі. Том гэты тлумачыць, чаму Купала імкнуўся да самазабойства. Так і атрымалася: ці яго скінулі, ці ён сам скінуўся. Ён жа быў як у акружэньні. Практычна, паэтам кіраваў шафёр ягоны, які быў прыстаўлены да Купалы адпаведнымі службамі. Калі шафёр памёр, яго хавалі з такімі ўшанаваньнямі!.. Купалу так не хавалі. Ён і жыў на Купалавай дачы ў Ляўках у будцы пры варотах, каб усё бачыць. Я так і пісаў некалі: “Каго ў Ляўкі, каго на Салаўкі”. Купала пакутнік, і добра, што ў Зборы твораў гэта паказана”.
(Скобла: ) “Калі зірнуць агулам на ўсю беларускую паэзію й паспрабаваць вызначыць, што ў ёй дамінуе, то атрымаецца — сьляза. Як у знакамітым фільме Мэла Гібсана “Пакуты Хрыстовы”, дзе галоўныя кадры — не крыжовы шлях Ісуса Хрыста, не расьпінаньне, а — калі падае сьляза. Геніяльна паказана. Ці не пара беларускай літаратуры адысьці ад гэтага патасу сьлязы?”
(Барадулін: ) “Сьляза, яна надзвычай шматзначная. Ёсьць сьлёзы адчаю, сьлёзы жальбы й сьлёзы радасьці. Памятаеце народнае: “Мае сьлёзы паб’юць белы камень і лозы”? А дождж — гэта неба плача. Дождж радасьці на ўраджай, на рунь. Сьляза як маленькі сымбаль зямнога шару. А раса — гэта ж таксама сьляза зямная. А ў расе, як у сьлязе, адбіваецца вясёлка. Раса можа быць, як сьляза і як пот, які таксама — вобраз сьлязы. А бяз поту нічога не бывае. Па Бібліі, “свой хлеб здабываць у поце чала свайго”. А можна — “у сьлязе сваёй”. Сьляза як ачышчэньне. Гавораць: “Каб я паплакаў, мне лягчэй стала б”. Вы правільна пра фільм згадалі. Там сьляза акурат і сымбалізуе зямны шар. Зямля ў маштабах космасу — гэта застыглая сьляза. Ёсьць жа гэткі выраз — акамянелыя сьлёзы”.
(Скобла: ) “Бацька гісторыі Герадот пісаў пра славянскае племя будзінаў, якое стагодзьдзямі жыло ў паняверцы, раптоўна абудзілася й — nota bene — уразілася прыгаством роднай мовы. Што трэба, якая палітычная ці Божая воля, каб і зь беларусамі адбылося нешта падобнае?”
(Барадулін: ) “Беларусам, каб абудзіцца, трэба толькі пачуць сваіх прарокаў, ад Францішка Скарыны да Васіля Быкава. Іх не заўсёды чулі, і чулі пераважна вушамі, а трэба пачуць сэрцам. Нам увесь час не давалі абудзіцца. Толькі прачнёмся, а нам — кладзіцеся! Як у больніцы. Беларусы — экспэрымэнтальная нацыя ў Пана Бога. А калі робіцца экспэрымэнт, то на добры канец, ён ня робіцца на зьнішчэньне. Другое пытаньне — колькі будзе цягнуцца экспэрымэнт… Той, хто на яго адкажа, будзе геніем”.
Юбілейная вечарына Рыгора Барадуліна адбудзецца 2 сакавіка ў 18.30 у вялікай залі Дому літаратара.