Рабочых тлушчакамбінату паслалі на сельскагаспадарчыя работы

Казімер Яноўскі, Гомель Раніцай дзясяткі рабочых Гомельскага тлушчакамбінату накіраваліся не на свае працоўныя месцы, а ў міжрэгіянальны цэнтар занятасьці насельніцтва. Разам зь іншымі гараджанамі яны ад’ехалі ў прыгарадныя гаспадаркі перабіраць цыбулю, бульбу, выконваць іншыя сельскагаспадарчыя работы.
Апошні час тлушчакамбінат працуе ў палову сілы. Чым гэта выклікана, патлумачыла адна з рабочых прадпрыемства:

(Рабочая: ) “Няма рэалізацыі. Мы прадукцыю выпусьцілі, а прадаць яе ня можам”.

Каб не звальняць людзей, дырэкцыя прадпрыемства дамовілася з цэнтрам занятасьці насельніцтва наконт выездаў незагружаных рабочых на працу ў вёску. Я пацікавіўся ў рабочых тлушчакамбінату, як ставяцца яны самі да такога экспэрымэнту і пачуў такія адказы:

(Рабочы: ) “Людзі паедуць і заробяць у вёсцы пару кіляграмаў цыбулі ці буракоў”.

(Рабочая: ) “Людзям патрэбны заробак, і яго трэба дзесьці зарабіць”.

(Рабочы: ) “Калі працы тут няма, то чаго ж не паехаць. Там хоць штосьці даюць, хоць крыху можна зарабіць. Чаго ж так сядзець!”

Аднак далёка ня ўсе працаўнікі тлушчакамбінату ў захапленьні ад паездак на сельгасработы.

(Рабочая: ) “Трэба каб тут была праца, каб усе на сваіх месцах былі занятыя. Тут грошы трэба зарабляць! Кожны чалавек прызвычаіўся ўжо да свайго калектыву, да сваёй працы”, — лічыць сталая працаўніца тлушчакамбінату.

Паводле зьвестак дырэктара міжрэгіянальнага цэнтру занятасьці насельніцтва Аляксандра Ключынскага, цягам студзеня ў вёсцы на сельгасработах пабывалі каля 1000 рабочых тлушчакамбінату. Экспэрымэнтам зацікавіліся і іншыя прадпрыемствы, у прыватнасьці, алмазаапрацоўчае аб’яднаньне “Крышталь”. У аб’яднаньні з прычыны адсутнасьці алмазнай сыравіны шмат людзей знаходзяцца ў вымушаным адпачынку. Калі рабочыя занятыя ў вёсцы, яны ня лічацца беспрацоўнымі.