Два прадстаўнікі АГП прэтэндуюць на мандаты дэпутатаў

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў 20 сакавіка ў чатырох акругах Магілёўскай вобласьці адбудуцца давыбары ў абласны савет. У Крычаве і Магілёве кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Сёньня сталі вядомыя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Магілёўскага абласнога савету. У Крычаўскай выбарчай акрузе кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваны Сяргей Няроўны, старшыня раённай арганізацыі АГП і рэдактар недзяржаўнай газэты “Вольны горад”. Яго суперніцай будзе старшыня прафкаму райаграпраму.

У Магілёўскай Мірнай акрузе пачынае агітацыйную кампанію лідэр абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў. Канкурэнцыю яму складзе кіраўнік магілёўскага спартовага клюбу “Тарпэда”. Уладзімер Шанцаў будзе сустракацца з выбарцамі і хоча распавесьці ім пра ўсё, што замоўчваюць афіцыйныя СМІ.

(Шанцаў: ) “Будзем гаварыць праўду. Праўду аб жыцьці. Людзі чакаюць іншага погляду, безумоўна. Гэта іх права. Гэта тое, чаго яны ня маюць, — іншага погляду на тое, што ёсьць у нашай краіне”.

У Бабруйскай Індустрыяльнай акрузе меркавала вылучацца кандыдатам у дэпутаты кіраўніца гарадзкой арганізацыі БСДГ Таісія Кабанчук. Аднак пасьля стасункаў з выбарчай камісіяй яна вырашыла, што ўмовы для таго, каб балятавацца, вельмі неспрыяльныя. Нават нягледзячы на тое, што ініцыятыўная група сабрала паўтысячы подпісаў у падтрымку Таісіі Кабанчук.

(Кабанчук: ) “Мы сабралі, паразмаўлялі зь людзьмі, мы знайшлі сваіх прыхільнікаў, пакуль зьбіралі подпісы. А там няхай яны сярод сваіх выбіраюць. Мы вырашылі, што ўдзельнічаць у гэтай кампаніі паводле іх правілаў — гэта нонсэнс”.

У Бабруйскай Індустрыяльнай акрузе на гэты момант зарэгістраваны адзін кандыдат — намесьнік галоўнага лекара адной зь дзіцячых мэдычных установаў. Акруговая камісія адмовіла ў рэгістрацыі вылучэнцу ПКБ Аляксандру Караленю, аднак, паводле зьвестак з абласной выбарчай камісіі, ягоная скарга будзе задаволена і ён стане кандыдатам.

У Горацкай выбарчай акрузе на мандат дэпутата аблсавету прэтэндуе загадчык дзіцячага аддзяленьня раённага шпіталю, там пройдуць безальтэрнатыўныя выбары.