Шарамет камэнтуе заявы Лукашэнкі пра Радыё Свабода, Голас Амэрыкі і расейскія СМІ

Любоў Лунёва, Менск Дырэктар адмысловых праектаў інфармацыйных праграмаў на першым канале расейскага тэлебачаньня Павал Шарамет пракамэнтаваў выказваньні Аляксандра Лукашэнкі Радыё Свабода.
(Шарамет:) “Намаганьні абмежаваць апошнія рэдкія, калі казаць аб расейскіх СМІ, аб’ектыўныя матэрыялы пра Беларусь, то яны з боку Аляксандра Лукашэнкі рабіліся даўно і стала. Як вы ведаеце, карпункт РТР дагэтуль не акрэдытаваны і фактычна паўгады не працуе ў Беларусі. Некалькі месяцаў не працаваў карпункт НТВ. Некалькі карэспандэнтаў, Ступнікаў і яго калега Селін, былі высланыя з краіны. Таму гэтыя рэзкія выступы Лукашэнкі цалкам упісваюцца ў агульную праграму задушэньня якіх-небудзь свабод і якога-небудзь альтэрнатыўнага погляду на тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі.

Хутчэй за ўсё выступ Лукашэнкі апярэджвае нейкія арганізацыйныя рэпрэсіўныя дзеяньні ў дачыненьні да журналістаў, якія працуюць на Радыё Свабода і на расейскіх тэлеканалах. Хутчэй за ўсё трэба чакаць пазбаўленьня акрэдытацыяў, закрыцьця карпунктаў расейскіх тэлеканалаў. Іх і засталося ўсяго некалькі – першы, НТВ, RenTV. Больш і няма. Трэба чакаць рэпрэсій супраць карпункту Радыё Свабода. Толькі ў такім кантэксьце належыць ўспрымаць сёньняшні выступ Лукашэнкі.”