Павесіць нос на квінту

Леанід Дранько-Майсюк, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Павесіць нос на квінту. Tак можна сказаць пра чалавека, які нудзіцца, журыцца, сумуе... Упершыню гэты выраз я вычытаў у лісьце Міхася Стральцова. У 1982 годзе мы перапісваліся. Стральцоў тады знаходзіўся ў Мазыры, а я толькі што з Масквы пераехаў у Менск і, як яно зазвычай першым часам бывае на новым месцы, адразу ж займеў нейкі, як мне здалося, непераадольны клопат, пра які зь юнацкім уздыхам тут жа паведаміў у Мазыр.

Аўтар “Загадкі Багдановіча” мяне супакоіў гэтак: “… у свой час усё стане на належнае месца. Таму весялей! Вунь у мяне наперадзе колькі ўсяго разблытваць трэба, колькі ірваць, а і то ня надта нос вешаю на квінту...”

Лацінскае слова квінта дае прыемную загадкавасьць, нават (мне так здаецца!) узмацняе стан маркоты і самоты...

Трэба сказаць, што выраз гэты дастаткова распаўсюджаны ў славянскім маўленьні, бо так іншы раз кажуць і па-расейску, і па-польску.

Калі здараецца якая нявыкрутка, то так іншы раз (ужо не з юнацкім уздыхам!) кажу самому сабе і я: “Гэта вялікае глупства, Леанідзе, – павесіць нос на квінту”.