Пружана

Ягор Маёрчык, Пружана, Берасьцейшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. (эфір 14 лютага)
Праз тры гады я зноў дасьледую Пружану — гэта раённы цэнтар Берасьцейскай вобласьці. Я наведваюся ў госьці па старых і новых адрасах з адной толькі мэтай — уведаць, як за гэты час зьмянілася жыцьцё людзей?



Сям’я Жогалавых займаецца тым жа, чым у 2002 годзе. Сужанец Георгі ўжо на пэнсіі, гандлюе на рынку. На ягоным намёце і цяпер вісіць шыльда “Цэны зьніжаю: на 99% для ўдзельнікаў рэвалюцыі на баку “белых”, на 10% для сябраў Партыі БНФ. Цэны падвышаю: на 10% для былых камністаў і на 99% для былых катаў НКВД ды іхных паплечнікаў”. Пра абвестку ведае ўвесь горад. Георгі кажа, што да аб’явы прызвычаіліся. Бурных эмоцыяў яна даўно ўжо не выклікае.

Спадарыня Тэрэза, як і раней, настаўнічае ў школе.

(Карэспандэнт: ) “Тры гады таму мы размаўлялі пра жыцьцё вашае сям’і, і ў тым ліку пра тую частку жыцьця, якая называецца прадпрымальніцкая дзейнасьць. Вы, настаўніца, займаліся распаўсюдам касмэтыкі ў школе. Вы працягваеце падпрацоўваць такім чынам?”

(Жогалава: ) “Да апошняга часу падпрацоўвала. І ня толькі я гэтым займалася. Сярод настаўнікаў гэта шырока распаўсюджана. Да гэтага ўсе ставяцца нармалёва. Гэта дапамагае выжываць, бо тое, што мы зарабляем і тое, што нам патрэбна — гэта неба і зямля”.

(Карэспандэнт: ) “Прабачце, але вашыя спробы выжыць і зарабіць болей грошай не стасуюцца з тым, што можна ўведаць з афіцыйных мэдыяў. Маўляў, добрабыт беларускага народу расьце, назіраецца эканамічны рост”.

(Жогалава: ) “Вярхі гавораць адно, а жыцьцё нашае зусім іншае. У размовах з калегамі і сябрамі кожны з гэтага папросту сьмяецца. Хай яны там гавораць, а мы жывем тут, мы тут выжываем”.



(Карэспандэнт: ) “Ці паболела ў грамадзтве насьцярожанасьці?”

(Жогалава: ) “Так. Гэта цяпер вельмі адчуваецца. Адміністрацыя нашая — ня буду наракаць — даволі дэмакратычна ставілася да мяне. А цяпер яны не маўчаць, а нават кажуць: “Прытрымай свой язык!” Яны самі сталі болей баяцца. Нічога супраць вышэйшага начальства”.

Уладальніца крамы пахавальнага рыштунку Валянціна Мацкевіч стараецца не вымаўляць словаў “чыноўнікі” альбо “супрацоўнікі райвыканкаму”, не ўжывае яна і займеньнікаў. Гаворыць безасабовымі сказамі.

(Карэспандэнт: ) “Валянціна Аляксандраўна, маю да вас прапанову зноў паўдзельнічаць ў праграме”.

(Мацкевіч: ) “Не, нічога казаць ня буду! К чортавай мацяры выганяць яшчэ з гораду. Калі мы размаўлялі мінулым разам, да мяне прыйшлі і папракалі”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы гэтыя тры гады пражылі?”

(Мацкевіч: ) “Працаваць мне вельмі цяжка. Камунальнай службе даводзіцца плян. Людзі ідуць да нас, бо тут таньней. А тыя ставяць нам палкі ў калёсы. Калі людзі ў нас набываюць труну, то там ім не даюць катафалка. Так і кажуць: “Узяў у Мацкевіч труну, там бяры і катафалк! Хай яна і нябожчыка хавае!” Гэта значыць, што мне трэба на руках несьці нябожчыка на могілкі?”

(Карэспандэнт: ) “А не ўзьнікала ідэі набыць катафалк?”

(Мацкевіч: ) “Калі ўсё будзе добра, да лета зьявіцца. Будзем прыкладаць да гэтага намаганьні”.



(Карэспандэнт: ) “Куды падзеўся назоў крамы? Раней вісела шыльда “Набат”.

(Мацкевіч: ) “Назоў той прыйшоўся недаспадобы. Яны расшыфравалі слова “набат” як “трывожны звон”. Мне заявілі, што ў цэнтры гораду няма чаго біць у званы. Сказалі, каб зьняла шыльду”.

(Карэспандэнт: ) “Зраблю вам маленькі камплімэнт. Мала такіх гандлёвых кропак у Пружане, дзе шыльды напісаныя па-беларуску. Вы такім чынам захацелі вылучыцца сярод астатніх?”

(Мацкевіч: ) “Не. Мы проста беларусы. І ўсё на гэтым!”

Незалежнага тыднёвіка “Голас Пружаны” болей няма. Ад пачатку дзейнасьць выданьня прыпыніла Міністэрства інфармацыі. Ліцэнзію пазьней вярнулі, але газэта самаліквідавалася з прычыны фінансавых цяжкасьцяў. Галоўны рэдактар Язэп Машкала перабраўся ў Менск. А ягоны паплечнік Яўген Валюкевіч стаў дэпутатам райсавету. Некалі Яўген быў чальцом Грамадзянскага форуму — моладзевай філіі АГП. Але пакінуў шэрагі арганізацыі і балятаваўся як незалежны кандыдат.

(Карэспандэнт: ) “Два гады вы ўжо дэпутат. Самы галоўны вынік вашай дзейнасьці? Чаго вы дамагліся для людзей?”

(Валюкевіч: ) “Людзей мала цікавіць палітыка, мала цікавіць дыктатура, дэмакратыя. Іх цікавіць асьвятленьне, каналізацыя і кабэльная тэлевізія. Адным з вынікаў маёй дзейнасьці — на вуліцах зьвілася сьвятло. Наступныя паўгоду раён будзе з кабэльнай тэлевізіяй”.

(Карэспандэнт: ) “Ці лёгка горад перажыў Дажынкі?”

(Валюкевіч: ) “У дамах па вуліцы Шырмы вельмі хутка былі надбудаваныя дадатковыя паверхі. Там нейкія кватэры надбудавалі. Але ж іх здаваць ня будуць, бо гэтыя дамы знаходзяцца ў аварыйным стане. Шкада людзей, якія рабілі рамонты: і клалі плітку ў сваіх хатах, і столі там бялілі. Паверх надбудавалі, будынак прасеў, і плітка патрэскалася. Яна каштуе вельмі вялікія грошы і людзям ніхто гэтага не кампэнсуе”.

(Карэспандэнт: ) “Вы жывяце на вуліцы Міру. Супастаўляючы вонкавы выгляд вашай вуліцы і цэнтру гораду, можна прыйсьці да высновы, што да вас татальнае добраўпарадкаваньне напярэдадні Дажынак не дабралася”.

(Валюкевіч: ) “Не дабралася. Вуліца пабудаваная даўным-даўно. Паводле дакумэнтаў, асфальт тут даўно ляжыць. Але дарожнае пакрыцьцё толькі на паперы. І такіх вуліцаў вельмі шмат. Праўда, асфальт зьявіўся там, дзе жывуць мясцовыя ўлады”.



Дажынкі 2003 году праходзілі ў Пружане. Напярэдадні ў горадзе наводзілі марафэт: дабудавалі Палац культуры, у гонар сьвята ўзьвялі адмысловы дом, паўсюль паклалі новы асфальт і пафарбавалі старыя будынкі. Нават усталявалі памятны валун з шыльдай. Сэнс надпісу ў тым, што жыхары гораду дзякуюць за сьвята Аляксандру Лукашэнку, Пятру Пракаповічу, Анатолю Тозіку і Васілю Даўгалёву. Помнік гэты я бачыў на свае вочы. Салідны камянюка. Праўда, у тэксьце напрапускалі знакі прыпынку. Так з памылкамі і стаіць.

Дамо слова прадстаўніку ўлады. Першы намесьнік старшыні Пружанскага райвыканкаму Іван Казарэз:

(Казарэз: ) “У нас ўсё памянялася, дзякуючы Дажынкам. Ужо паўтара году прайшло пасьля сьвята. Мы за гэты час практычна нічога не згубілі і нават сёе-тое прыдбалі. Мы стараемся падтрымліваць у належным парадку. На шчасьце, у нас гэта атрымліваецца. Мы ўсё захоўваем”.

(Карэспандэнт: ) “Я размаўляў з жыхарамі дамоў, дзе надбудавалі пятыя паверхі. Яны кажуць, што дабра ім гэта не прынесла — будынак пачаў асядаць”.

(Казарэз: ) “У нас такія праблемы былі толькі па двух дамах. Але не ад таго, што на дом пайшоў вялікі цяжар. Усё праз тое, што нашыя будаўнікі няякасна зрабілі сваю працу. Сытуацыю дасьледавала адмысловая камісія. Тут няма ніякіх праблемаў”.

Каму ў Пружане і жывецца добра, дык гэта грамадзяніну Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Тэра Матойсу Вілісу. Восем гадоў таму ён прыехаў у Беларусь прапаведаваць пратэстанцкае вучэньне. Аднак з часам місіянэрства ён закінуў. Арандаваў 30 гектараў зямлі на тым месцы, дзе некалі месьцілася вайсковая база зь ядравай зброяй. Пабудаваў тут дом і разам зь сям’ёй — жонка і трое дзетак — разводзіць бараноў. На жыцьцё не наракае, бо мае сталых пакупнікоў з рэстарацыяў.

(Карэспандэнт: ) “Тры гады таму я запытваўся пра вашыя ўражаньні ад Беларусі. Тады вы паскардзіліся, што тут вельмі доўгая зіма і сказалі, што вам вельмі падабаецца сала. Нейкія новыя ўражаньні зьявіліся?”

(Матойс Віліс: ) “Мы лепей пазнаёміліся з вашым народам. Мы ўжо сумняваемся, што яны такія працалюбныя, як яны самі думаюць. Цяжка знайсьці людзей, якія сапраўды хочуць працаваць. Звачайна хочуць працаваць лёгка і атрымліваць за гэта вялікія грошы. У гэтым ёсьць праблема”.



(Карэспандэнт: ) “Якія ў вас дачыненьні з чыноўнікамі?”

(Матойс Віліс: ) “Асабіста ў мяне ніякіх праблемаў з нашымі начальнікамі яшчэ не было. Мне людзі расказвалі, што яны ўвесь час патрабуюць падарункаў. Можа я гэтай сыстэмы пакуль яшчэ не разумею, але ў мяне пакуль такога не здаралася”.

(Карэспандэнт: ) “Былі тут Дажынкі. У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы нешта кшталту гэтага ёсьць?”

(Матойс Віліс: ) “Такое сьвята ці такі рамонт гораду?”

(Карэспандэнт: ) “Такое сьвята”.

(Матойс Віліс: ) “Не, у нас такога няма. Ня ведаю, чаму такога няма. Гэта добры хрысьціянскі прыпцып — у сьвята ўраджаю дзякаваць Богу за тое, што мы ад яго атрымалі”.

(Карэспандэнт: ) “Але яны дзякавалі ня Богу, а Лукашэнку”.

(Матойс Віліс: ) “Шкада, што людзі не разумеюць. Можна падзякаваць і працоўным — яны таксама зрабілі свой унёсак. Але калі б Бог не дапамог, што б мы адны зрабілі?”



За гады жыцьця ў Пружане Тэра Матойс Віліс стаў мясцовай знакамітасьцю. Простая чалавечая цікавасьць да замежніка зьмянілася на павагу. Чыноўнікі вымаўляюць імя афрыканца як доказ станоўчых зьменаў.

Што да самаго гораду, форма сапраўды пахарашэла. Але самім пружанцам хацелася б, каб перамены закранулі зьмест…