Сем гадоў нявестка пражыла і ня бачыла, што цюцька без хваста

Эдвард Кавалеўскі, Магілёў Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
У той дзень усё было дзіўна і незвычайна. Наша “талерка” (так у той час называлі радыёрэпрадуктар) на ўсю моц сьпявала бравурныя песьні, на кожным доме на вуліцы лунаў чырвоны сьцяг. А самае незвычайнае тое, што абое мае бацькі былі дома. Тата хуценька апрануў цёмны касьцюм з гальштукам і, зачасаўшы рэдкія ўжо валасы, нецярпліва чакаў маму. А тая прыбралася ў прыгожую сукенку, доўга ўвіхалася каля вялікага люстра, надаючы сабе адпаведны выгляд. І ў той час яна здавалася мне самай прыгожай і самай лепшай. Захацелася сказаць ёй нешта добрае і ласкавае.

“А якая ж прыгожая ў мамы новая сукенка!” – усклікнуў я. На што мама, усьміхнуўшыся, адказала: “Сем гадоў нявестка пражыла і ня бачыла, што цюцька без хваста. Ты памыляесься, сукенка даўно ўжо ня новая”. Калі разам з бацькамі я падыходзіў да сваёй школы, згадаў гэтую маміну прымаўку: сем гадоў нявестка пражыла і ня бачыла, што цюцька без хваста. Бо й школа была непазнавальна прыбраная. На вокнах былі новыя фіранкі, на чысьцюткай падлозе ляжалі чырвоныя дарожкі і нават стракатыя дываны. Усё нагадвала дзівосную казку. Мама і тата пайшлі ў асобны пакой для галасаваньня, сказаўшы пачакаць іх у суседнім пакоі, на якім вісела шыльда “Для дзяцей”. Але, на жаль, мяне туды не пусьцілі. Тоўстая цётка з чырвонай павязкай на рукаве сказала, што, каб туды ўвайсьці, трэба мець зьменны абутак, а мае боты пашкодзяць дываны.

Усе навокал весяліліся, адзін я горка плакаў праз тое, што гэтыя выбары былі не для мяне.

Вось ужо больш за 60 гадоў жыву на гэтым сьвеце і кожны раз, калі па-новаму выпадае ўбачыць нешта ў жыцьці, успамінаю гэтую прымаўку: сем гадоў нявестка пражыла і ня бачыла, што цюцька без хваста.