Прадпрымальнікі вярнуліся да працы

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Пасьля папераджальнага аднадзённага страйку, які адбыўся 10 лютага, большасьць беларускіх прадпрымальнікаў аднавіла працу. Як ацэньваюць яны вынікі акцыі і чаго чакаюць ад перамоваў з урадам у пытаньні падатку на даданую вартасьць?
Сёньня большасьць рынкаў краіны працавала ў звычайным рэжыме. Прадпрымальнікі на працоўных месцах абмяркоўвалі вынікі ўчорашняй акцыі. У прыватнасьці, вось якімі меркаваньнямі падзяліліся са мной гандляры сталічнага рынку “Дынама”:

(Спадарыня: ) “Была актыўнасьць. Па гарадах было шмат”.

(Іншая спадарыня: ) “Ня ўсе людзі прыйшлі, але актыўнасьць была”.

(Спадар: ) “На мой погляд, павінны нам пайсьці насустрач”.

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Атрымліваецца, што мы павінны заплаціць 400 даляраў за вуліцу. Няма ніякіх умоваў. І мы яшчэ кепскія — спэкулянты”.

(Іншы спадар: ) “Усіх задушаць. Застанецца адзін Лукашэнка. Якая можа быць яшчэ пэрспэктыва?”

(Спадар: ) “Вельмі хацелася б, каб улада адумалася і нешта зрабіла”.

(Спадарыня: ) “Мы неяк і ня верым, але з другога боку, нам няма куды падзецца. І я думаю, што людзі будуць стаяць да апошняга. Нам губляць няма чаго”.

Падсумоўвалі сёньня вынікі ўчорашняга страйку і лідэры грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, якое ладзіла страйк. Яны задаволеныя масавасьцю акцыі. Паводле “Пэрспэктывы”, колькасьць удзельнікаў страйку склала па краіне каля 70 тысяч. Лідэры гэтай арганізацыі лічаць зьвесткі Міністэрства ўнутраных справаў, паводле якога ў акцыі ўдзельнічала 20 тысяч прадпрымальнікаў, заніжанымі. Учорашні страйк, як зазначыў намесьнік старшыні “Пэрспэктывы” Аляксандар Лапотка, пераканаў большасьць бізнэсоўцаў у абгрунтаванасьці змаганьня за адмену падатку на даданую вартасьць:

(Лапотка: ) “У рэгіёнах людзі настроены актыўна. Усе лічаць, што неабходны працяг супраціву. Людзі гатовыя ня плаціць падатку і працягваць адстойваць свае правы на працу. Мы рыхтуемся да перамоваў з уладамі. Хутчэй за ўсё, у сераду пачнецца паседжаньне рабочай групы”.

Дарэчы, улады таксама ня ведаюць пра дакладную дату пачатку двухбаковых перамоваў. Паводле прадстаўніка дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Яўгена Сямёнава, усё залежыць ад узаемных дамоўленасьцяў:

(Сямёнаў: ) “Учора яны былі ў нас. І яны павінны даслаць нам дадатковую інфармацыю пра тыя пытаньні, якія б хацелі разгледзець, і мы тады будзем сумесна вызначацца з датай правядзеньня круглага стала”.