Гомельскі актывіст АГП: “Звольніць мяне патрабуюць уладныя чыноўнікі”

Казімір Яноўскі, Гомель На 11 лютага кіраўніцтва гомельскага акцыянэрнага таварыства “Локан” запрасіла незарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты, сябра АГП, юрысконсульта Леаніда Судаленку забраць сваю працоўную кніжку і разьлік.
Якія ўсё-такі прэтэнзіі прад’яўляе таварыства “Локан” да Леаніда Судаленкі? Можа, ён нешта некваліфікавана рабіў ці прагульваў? Паслухаем самога спадара Судаленку:

(Судаленка: ) “Мой дырэктар настойліва прапанавала мне звольніцца з працы. Да мяне як да юрыста пытаньняў не было. Звольніць мяне патрабуюць уладныя чыноўнікі. Дырэктарка патлумачыла: ня звольнюся я, яе выкінуць з працы. Я вымушаны быў напісаць заяву пра звальненьне. Уціск цалкам стасуецца з жаданьнем уладаў зганьбіць актывістаў, паказаць, што яны, маўляў, гультаі, працаваць ня хочуць”.

Леанід Судаленка прыгадвае, што за ягонае вылучэньне кандыдатам ў дэпутаты парлямэнту падпісалася 10 адсоткаў землякоў – выбарцаў Брагінскага ды Хойніцкага раёну. Аднак акруговая камісія адмовілася рэгістраваць яго кандыдатам на той падставе, што ў анкеце ён нібыта няправільна ўказаў месца працы – юрысконсульт “Локану”. Камісія чамусьці лічыла, што Судаленка павінен указваць у адпаведнай графе сваю грамадзкую пасаду – старшыня гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва”. На бок камісіі беспадстаўна стаў і Цэнтвыбаркам.

(Судаленка: ) “Цікавая дэталь: летась мяне не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты з прычыны таго, што я быццам бы не працую юрыстам у “Локане”. Лідзія Ярмошына яшчэ тады нібы ў ваду глядзела. Не паверыла нават маёй працоўнай кніжцы. Пэўна, ведала, што ўсё роўна буду звольнены”.

На жаль, ў рэгіёне ёсьць яшчэ выпадкі, калі дэмакратычныя прэтэндэнты ў парлямэнт пасьля выбараў патрапілі пад уціск уладаў. У Калінкавічах вядзецца перасьлед актывісткі АГП Людмілы Краснасельскай. Напачатку яе абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. На наступным тыдні ў Калінкавіцкім судзе будзе разглядацца пазоў падатковай інспэкцыі наконт прымусовага спагнаньня ў бюджэт са спадарыні Краснасельскай блізу З мільёнаў рублёў.

У Гомелі распачаты судовы перасьлед былой кандыдаткі ў дэпутаты парлямэнту, сяброўкі АГП Тацяны Марчанкі. Цэнтар занятасьці насельніцтва абвінавачвае Марчанку ў тым, што быццам яна 7 гадоў таму незаконна атрымлівала дапамогу па беспрацоўю. А палітыку Віктару Карнеенку, за вылучэньне якога кандыдатам у дэпутаты паставілі подпісы звыш 12 тысяч выбарцаў, цяпер не даюць дазвол на часовы выезд за мяжу.