У Берасьці прадпрымальніцкі страйк падтрымалі каля 90% мясцовых гандляроў

Алег Супрунюк, Берасьце На самым буйным рэчавым рынку гораду міліцыянты паспрабавалі абвінаваціць прадпрымальнікаў у правядзеньні несанкцыянаванага сходу.
Раніцай 10 лютага прадпрымальнікі самага буйнога рэчавага рынку Берасьця, што месьціцца на вуліцы Багданчука, прыйшлі на свае рабочыя месцы. Але гандаль распачалі толькі некалькі чалавек. Пераважная большасьць людзей сабралася каля ўваходу на рынак і чакала сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады. Ніхто з запрошаных адказных асобаў мясцовай вэртыкалі да прадпрымальнікаў не прыйшоў, затое на рынку зьявілася шмат міліцыянтаў. Іхнае кіраўніцтва абвесьціла, што сход прадпрымальнікаў несанкцыянаваны і гандляры мусяць разысьціся. Гэтае патрабаваньне прадпрымальнікі ўспрынялі з абурэньнем.

(Гандлярка: ) “Таму што ў нас няма сілаў больш. Проста зьдзек, разумееце, з нас. Мы стаім, выконваем усе патрабаваньні як трэба, выплачваем падаткі і месца. Мы ўсё робім, але далей ужо нельга. Куды нашай моладзі ісьці, дзецям? З вышэйшай адукацыяй людзі стаяць. Іх ніхто не абараняе. Тут сход, а вось АМОНу і міліцыі нагналі. Што мы тут — шкодзім альбо хуліганім? Мы прыйшлі выказаць сваё набалелае”.

У другой палове дня прадпрымальнікі з рэчавага ды іншых рынкаў Берасьця сабраліся на галоўнай плошчы гораду, паблізу будынку аблвыканкаму, каб выказаць свае патрабаваньні прадстаўнікам улады. На плошчы гандляроў ужо чакалі супрацоўнікі АМОНу, якія зноў папярэдзілі прадпрымальнікаў, што іхная акцыя несанкцыянаваная. У гэты ж час упаўнаважаныя прадпрымальнікамі асобы спрабавалі трапіць у аблвыканкам і гарвыканкам, каб давесьці чыноўнікам пра сапраўдныя прычыны сёньняшняга страйку. Але гэтыя спробы не далі выніку.

Паводле меркаваньняў саміх прадпрымальнікаў, аднадзённы папераджальны страйк у Берасьці падтрымала каля 90% гандляроў, што працуюць на рынках гораду.