А.Шумчанка: “Гэта будзе самая яркая, самая масавая акцыя пратэсту”

Міхал Стэльмак, Менск 10 лютага індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі праводзяць агульнанацыянальны аднадзённы страйк. Яго мэта – пратэст супраць уплаты дробнымі бізнэсоўцамі падатку на дабаўленую вартасьць на тавары, што ўвозяцца з Расеі.
Ладзіць страйк грамадзкае аб’яднаньне прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”. Акцыя ўзьнікла ня штучна, а стала вынікам зваротаў дробных бізнэсоўцаў да сваіх лідэраў у сувязі з абвесткай уладаў пра абкладаньне расейскага імпарту новым падаткам – так званым падаткам на дабаўленую вартасьць.

Кіраўнік “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка, у сваю чаргу, паведаміў пра гэтыя звароты і пра нэгатыўную рэакцыю прадпрымальнікаў на ўвядзеньне гэтага падатку. Ён таксама папярэдзіў, што ігнараваньне інтарэсаў гандляроў выкліча зь іх боку пратэст. Аднак улады паставіліся абыякава да гэтага папярэджаньня, што й справакавала сёньняшнюю акцыю пратэсту.

Нагадаю, што ўчора ўвечары спадар Шумчанка быў затрыманы ў Менску міліцыянтамі нібыта для высьвятленьня абставін, зьвязаных з дарожна-транспартным здарэньнем. Затым, паводле зьвестак сяброў “Пэрспэктывы”, міліцыянты абвінавацілі спадара Шумчанку ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Але літаральна за паўгадзіны да яго затрыманьня я меў размову зь лідэрам “Пэрспэктывы”, які так ахарактарызаваў сёньняшнюю акцыю:

(Шумчанка: ) “Я думаю, што гэта будзе самая яркая, самая масавая акцыя пратэсту, і гэты будзе прыклад таго, як чалавек павінен адстойваць інтарэсы сваіх сем’яў і права на працу. Прадпрымальнікі большасьці рэгіёнаў маюць намер браць удзел у страйку. Да нас сьцякаецца інфармацыя, што выказаць пратэст увядзеньню падатку на дабаўленую вартасьць на тавары з Расеі зьбіраюцца прадпрымальнікі нават тых гарадоў, якія раней ня бралі ўдзелу ў акцыях. Да мяне тэлефанавалі прадпрымальнікі з Горак, Верхнядзьвінску, Крупак і заяўлялі пра неабходнасьць пратэсту. Людзі даведваюцца і разумеюць, што іншага выйсьця няма”.

Ці адбудзецца акцыя ў выпадку адсутнасьці аднаго зь яе галоўных арганізатараў? Учора ўвечары, калі ўжо было вядома пра затрыманьне Анатоля Шумчанкі, ягоныя паплечнікі, сябры “Пэрспэктывы” у розных рэгіёнах абмяркоўвалі гэтую сытуацыю. Я таксама хацеў бы нагадаць, што праваахоўныя органы зацікавіў ня толькі спадар Шумчанка.

У Лепелі позва зьявіцца ў пракуратуру раніцай 10 лютага ўручана лідэру мясцовых прадпрымальнікаў, сябру грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Алегу Тычыне. Як паведаміў мне спадар Тычына, дакумэнт быў уручаны яму ўчора напрыканцы дня. У позьве паведамляецца, што спадар Тычына мусіць даць тлумачэньні. Што канкрэтна хочуць ведаць у лепельскай пракуратуры ад прадпрымальніцкага лідэра – невядома. Але пры гэтым яму было заяўлена, што яўка абавязковая, у выпадку яе ігнараваньня сябра “Пэрспэктывы” чакае пакараньне. Паводле спадара Тычыны, выклік яго у пракуратуру – невыпадковы, паколькі на сёньня ў гэтым горадзе таксама заплянаваны страйк прадпрымальнікаў. І, як мяркуе іх лідэр, улады вырашылі гэткім чынам сарваць акцыю.

Вось як пракамэнтаваў гэтыя дзеяньні лідэр прадпрымальнікаў Барысава Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Улады спалохаліся. Улады палохае ўсё – сходы, мерапрыемствы. Таму што адчуваюць: ня тым шляхам ідуць. Затрыманьне Шумчанкі сьведчыць, што ўлады баяцца прадпрымальніцкіх лідэраў. Таму яны хочуць абезгаловіць прадпрымальніцкі рух. Аднак страйк 10 лютага адбудзецца нягледзячы ні на што. Нават бяз нашага ўдзелу. Спыняць працу рынкі і вялікіх, і малых гарадоў. Людзі маюць намер стаяць да канца. І ня пагаджацца на падатак на дабаўленую вартасьць. Нам гэты падатак ня патрэбен. Таму што гэта будзе поўнае закрыцьцё прадпрымальніцтва, яго зьнішчэньне”.

Два вядомыя прадпрымальніцкія лідэры з Горадні, Валеры Леванеўскі і Анатоль Васільеў, цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні. Я нагадаю, што яны былі абвінавачаны ў паклёпе на прэзыдэнта і пакараныя двума гадамі знаходжаньня ў папраўчых калёніях. Ці памятаюць пра іх і як да іх ставяцца цяперашнія прадпрымальнікі?

Гэтымі днямі я наведаў некаторыя сталічныя рынкі, меў гутаркі з прадпрымальнікамі, якія, трэба сказаць, добра памятаюць ня толькі прозьвішчы спадароў Леванеўскага і Васільева, але й тое, чым яны займаліся і за што насамрэч пацярпелі. Паводле меркаваньняў некаторых бізнэсоўцаў, нягледзячы на тое, што ў апошні час у рэгіёнах зьяўляюцца новыя прадпрымальніцкія лідэры, адсутнасьць гарадзенскіх актывістаў прадпрымальніцкага руху адчуваецца. Дарэчы, і сам Валеры Леванеўскі, напрыклад, які знаходзіцца ў Магілёўскай папраўчай калёніі, працягвае цікавіцца падзеямі ў беларускім прадпрымальніцтве. Пра гэта мне паведаміла ўчора ягоная жонка Марына. Што тычыцца іншых падрабязнасьцяў цяперашняга жыцьця вязьня-прадпрымальніка, то спадарыня Леванеўская зазначыла вось што:

(Леванеўская: ) “Мы сабралі яму 15 кіляграмаў пасылку і паслалі. Цэлы месяц мы не атрымлівалі ад яго лістоў, і вось днямі мы атрымалі адразу сем. Валеру у калёніі зьмяшчалі ў штрафны ізалятар. У яго пагоршылася здароўе. Павінны яго нібыта накіраваць у шпіталь у Менск, але насамрэч ці будзе гэта так, я ня ведаю. Што тычыцца настрою, то ён ня падае духам. Рэч у тым, што гэта чалавек з пачуцьцём годнасьці. У яго свая лінія, і ён будзе яе да канца трымацца”.