Відаць пана па халявах

Эдвард Кавалеўскі, Магілёў Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Аднойчы бацька зь нейкай нагоды вырашыў адсекчы нашаму пеўню галаву. Паклаўшы таго на калодку, жахнуў сякерай па шыі. Певень што моцы рвануўся і, раптам вызваліўшыся, узмахнуў крыламі і паляцеў. Ён ляцеў праз увесь наш гарод да самага плоту – без галавы.

Неўзабаве прыйшла пара расквітацца з жыцьцём добра падросламу парасяці. Дзеля такога адказнага моманту быў запрошаны вядомы ў нашай мясцовасьці габрэй, які жыў з таго, што, ходзячы па хатах, забіваў і разьбіраў розную жыўнасьць. Бацька запытаўся, ці трэба суседзяў клікаць на дапамогу. Майстар адказаў, што ўсё зробіць сам.

Пачухаў парася па сьпіне, нешта памармытаў на вуха, тузануў за нагу і, пакуль той, страціўшы раўнавагу, падаў, усадзіў вострае шыла ў сэрца падсьвінку. Усё было зроблена так хутка, што мама зьдзіўлена сказала: “Відаць пана па халявах”, – маючы на ўвазе, пэўна, майстэрства адмыслоўца. Тады ж мне растлумачылі, што халява – гэта верхняя частка мужчынскага бота, якая па-расейску называецца голенищем.

Расейская прымаўка дело мастера боится не адлюстроўвае ўсяго багацьця беларускага адпаведніка. Бо ня толькі пра Майстра сваёй справы, але й пра чалавека шляхетнага ў самой сутнасьці кажуць: відаць пана па халявах.