Cупрацоўнік Акадэміі навук меў дачыненьне да вытворчасьці мэтадону

Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі адзначана павелічэньне ўжываньня сынтэтычных наркотыкаў, у тым ліку мэтадону, які лічыцца адным з самых дарагіх і небясьпечных наркотыкаў. Нядаўна ў Менску раскрытая падпольная лябараторыя па вытворчасьці мэтадону. У вытворчасьці наркотыка падазраецца навуковы супрацоўнік Акадэміі навук.
Паводле дадзеных днямі быў затрыманы супрацоўнік інстытута фізыка-арганічнай хіміі Акадэміі навук, які вырабляў сынтэтычны наркотык мэтадон. У міністэрстве ўнутраных справаў пацьвердзілі гэтыя зьвесткі.

(Грынкевіч: ) “Так, быў такі факт. Затрыманы інжынэр-хімік інстытуту фізыка-арганічнай хіміі, у якога забралі 386 грамаў мэтадону. Узбуджаная крымінальная справа”.

Між тым ў інстытуце фізыка-арганічнай хіміі мне рашуча заявілі, што ніякай падпольнай лябараторыі ў сьценах інстытуту не было.

(Жанчына : ) “У нас няма падпольнай лябараторыі, мы не вырабляем мэтадон”.

На гэтым настойвала супрацоўніца інстытуту, якая не пажадала сябе назваць. Пазьней прэсавая сакратарка Акадэміі навук Тацяна Арэшка ўсё ж прызнала, што ў інстытуце працуюць сьледчыя ўправы незаконнага абароту наркотыкаў. Але падрабязнасьцяў Тацяна Арэшка не паведаміла.

У міліцыі ж кажуць, што за апошні год гэта ўжо другі выпадак, калі супрацоўнікі Акадэміі навук аказаліся датычнымі да вытворчасьці сынтэтычных наркотыкаў.

Адмыслоўцы кажуць пра значнае павялічэньне ўжываньня сынтэтычных наркотыкаў у Беларусі. Паводле лекара-нарколяга Аксаны Шапятовіч, у менскім наркалягічным дыспансэры больш за год таму зрабілі выснову, што у сталіцы дзейнічаюць прынамсі дзьве падпольныя лябараторыі па вытворчасьці гэтага наркотыку. Ён дарагі, болей за 100 даляраў за грам, але вызначаецца вялікім эфэктам. Прызвычайваюцца да яго хутка , а вось пазбавіцца ад гэтай залежнасьці амаль немагчыма.

(Шапятовіч: ) “Пазбавіцца ад мэтадонавай залежнасьці дастаткова складана. Бо пакуль чалавек асэнсуе, што ужо наступіла фізычная і псыхічная залежнасьць, ён ужо настолькі ўцягнуты ў гэта, што нешта зрабіць складана. А залежнасьць пачынаецца літаральна пасьля некалькіх ін’екцыяў”.

Спажыўцы мэтадону часта паралельна выкарыстоўваюць і опіюм, эфэкт ад якога падобны. Шкоду арганізму гэтыя наркотыкі наносяць вялікую. Паводле Аксаны Шапятовіч, больш за 10-15 гадоў тыя, хто пачаў ужываць мэтадон ці опіюм, не жывуць.

У міністэрстве унутраных справаў мне паведамілі, што на ўліку ў Беларусі – каля 12 тысяч наркаманаў, але ня выключылі, што насамрэч колькасьць тых, хто спажывае наркотыкі, у некалькі разоў большая. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за апошнія 15 гадоў наркаманаў ў Беларусі стала болей у 40 разоў.