Анжаліка Агурбаш паедзе на “Эўрабачаньне” зь беларускім пашпартам

Валянціна Аксак, Менск Прадстаўніца Беларусі на міжнародным конкурсе “Эўрабачаньне-2005” Анжаліка Агурбаш, якая ўжо некалькі гадоў стала жыве ў Расеі, абвергла зьвесткі пра сваё падвойнае беларуска-расейскае грамадзянства
(Карэспандэнтка: ) “Калі вы даведаліся, што будзеце прадстаўляць Беларусь на міжнародным конкурсе песьні “Эўрабачаньне-2005”, якія былі вашыя першыя пачуцьці і думкі ў той момант?”

(Агурбаш: ) “Я была, канечне, шчасьлівая, але гэтая радасьць была вельмі ціхаю для мяне, таму што яна не перарасла ў нейкую эйфарыю, а наадварот, у мяне ўзьнік стан сабранасьці і мэтанакіраванасьці. Я адразу стала думаць пра тое, што трэба рабіць далей. Мы адразу прыступілі да працы”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы цяпер жывяце не ў Беларусі, але часта прыяжджаеце сюды. Скажыце, калі ласка, з пашпартам грамадзянкі якой краіны вы падарожнічаеце па сьвеце?”

(Агурбаш: ) “Я грамадзянка Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “Папулярныя артысты многіх краінаў займаюцца дабрачыннай дзейнасьцю. Скажыце, калі ласка, ці не зьбіраецеся вы дапамагаць, можа быць, беларускім дзецям-сіротам ці чарнобыльскім дзецям, ці можа быць, заняцца якой іншай дабрачыннай дзейнасьцю ў Беларусі?”

(Агурбаш: ) “Я лічу, што гэта абавязак любога цывілізаванага чалавека, які яшчэ ня страціў пачуцьця сумленнасьці, не згубіў пачуцьця годнасьці, не згубіў сэрца і душы. Я думаю, што гэта справа кожнага чалавека — дапамагаць абяздоленым, дапамагаць сіротам, дапамагаць тым, каму патрэбная дапамога. І таму мы ўжо думаем пра тое, што нашая прома-акцыя, прома-тур па падрыхтоўцы да “Эўрабачаньня” будзе абавязкова мець дабрачынны характар. Тым больш, што пра гэта гаворыць і нашая песьня “Хлопчыкі і дзяўчаткі”. І зразумела, тур мы будзем сумяшчаць з сур’ёзнай дабрачыннай акцыяй”.

(Карэспандэнтка: ) “Учора прэса паведаміла, што на наступным тыдні вы зьбіраецеся паехаць у Англію, каб там зрабіць канчатковы варыянт песьні, якая прагучыць на конкурсе. Гэта будзе песьня, зь якой вы перамаглі ў нацыянальным адборачным туры ці іншая?”

(Агурбаш: ) “Песьня будзе гэтая, толькі мы зробім яе ў Англіі. Над гэтым цяпер працуюць заходнія прадусары, і цяпер вядуцца перамовы зь вельмі вядомаю групаю музыкаў, пакуль ня будзем гаварыць, якой, але гэта можа быць вельмі вялікім сюрпрызам ня толькі для Беларусі, але і для ўсяго сьвету”.

(Карэспандэнтка: ) “Ужо абвешчаны конкурс мадэльераў на стварэньне вашых касьцюмаў для праграмных мерапрыемстваў конкурсу. Вы сказалі, што хочаце, каб у вашых уборах былі сымболіка і атрыбутыка Беларусі. А ці будуць беларускія нацыянальныя матывы і беларуская мова ў песьні, якую вы зьбіраецеся выконваць на конкурсе ў Кіеве?”

(Агурбаш: ) “Справа ў тым, што песьня на конкурсе будзе гучаць на ангельскай мове. Але ў праграму, якую мы рыхтуем для прамацыйнага туру, абавязкова ўвойдуць песьні на беларускай мове. Абавязкова. І натуральна, так як мы прадстаўляем Беларусь, то ва ўсім будзе беларуская сымболіка, беларускі герб, беларускі сьцяг. І з гэтай пазыцыі распрацоўваюцца цяпер і дыскі, і плякаты, і непасрэдна касьцюмы. Ня толькі касьцюм, у якім я буду выступаць, але і касьцюмы, у якіх я буду існаваць на працягу тыдня на “Эўрабачаньні”.