Служка ў лапцях, а пан – босы

Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы"
Было тое даўно, як яшчэ я ад зямлі не адрасла. Затое спраўна ўцяміла, што магу распарады ўва ўсе бакі сыпаць: падай тое, зрабі гэтак. Асабліва ж даставалася бабулі: майму “хачу” пры ёй краю не было. І вось аднойчы ў адказ на мой зухаваты выбрык – “падай большы зэдлік: на печ узьлезьці” – яна неяк ганарыста выпрасталася й кажа: “Служка ў лапцях, а пан босы”.

Беглі гады, і, ужо займеўшы сваіх дзяцей, згадала тую мудрасьць, ня раз чутую. Як малеча, а то й каторы з гультаёў-дарослых усьсядаюць на карак, патрабуючы нейкіх паслуг, адбіваюся толькі старою формулай: служка ў лапцях, а пан босы. Дазналася й паходжаньне выслоўя: загад, спушчаны зьверху й не выконваны падначаленымі, чыніў вялікую страту гаспадару-пану. Казалі таксама: служка вылез з-пад лужка.

Затым гэтак адметна сталі прысарамачваць нахабнікаў. Маўляў, служка аніяк не ніжэйшы за таго, каму карціць усоладзь пакамандаваць: ён – абуты проці босага пана. На падмацаваньне ўласнае годнасьці, бывае, зазначаюць: пан – саломаю напхан, альбо сядзіць, як сыч, і думае, што паніч. А яшчэ прасьцей і карацей – не вялікі пан. Суседзі-расейцы, дарэчы, у гэткім разе сказалі б: шишка на ровном месте. Мараль тут простая: хто сам з нутраное басоты ня вылез, любіць іншага падуладніць. Зрэшты, сіла сілаю й адольваецца: vi victa vis est, як выславіўся Цыцэрон.

...Цяпер дачка ўжо лёгка адбівае ахвоту якога лянотніка скарыстаць з чужое дабрыні. Асаджвае, як здаўна заведзена: служка ў лапцях, а пан босы.