1 лютага 1863 году – дзень пачатку паўстаньня Каліноўскага

Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 1 лютага
1 лютага 1618 году было падпісанае Дзявулінскае замірэньне паміж Беларусьсю і Расеяй. Ягоная назва паходзіць ад вёскі Дзявуліна пад Масквой. Паводле гэтага замірэньня, расейскі ўрад адмаўляўся ад прэтэнзіяў на Смаленск, чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі. Аднак шмат супярэчнасьцяў засталіся нявырашанымі, што прывяло да наступных жорсткіх войнаў 17 стагодзьдзя. Тым ня менш, Дзявулінскае замірэньне паказвае, што ў тыя часы Рэч Паспалітая была дужэйшая за маладую Маскоўскую дзяржаву. На працягу стагодзьдзя суадносіны будуць мяняцца на адваротныя. Масква будзе ўсё больш моцная і агрэсіўная, а Рэч Паспалітая пачне занепадаць. “Дзявулінскае замірэньне 1618 году паклала канец доўгай спусташальнай вайне, пляцдармам якой была Беларусь, і на дзесяцігодзьдзі злучыла ў адно цэлае этнічныя беларускія землі”, піша гісторык Генадзь Сагановіч.

1 лютага 1863 году – дзень пачатку антырасейскага паўстаньня, якое шырока вядомае ў Беларусі як паўстаньне Кастуся Каліноўскага. Літоўскі правінцыйны камітэт абвясьціў сябе Часовым урадам на акупаваных Масквою землях Беларусі і Літвы. Быў прыняты маніфэст аб пачатку паўстаньня і надзяленьні сялянаў зямлёю.

1 лютага 1919 году пачаліся заняткі ў Віленскай Беларускай Гімназіі. За 25 гадоў свайго існаваньня Гімназія стане сапраўднай кузьняю кадраў нацыянальнага адраджэньня.

1 лютага 1913 году нарадзіўся заходнебеларускі падпольшчык Сяргей Прытыцкі. Ягоным імем названыя вуліцы ці ня ў кожным заходнебеларускім горадзе і мястэчку, а таксама ў сталіцы. Савецкая прапаганда рабіла з Прытыцкага вобраз рамантычнага героя-падпольшчыка ў міжваеннай Заходняй Беларусі. Гэта ён проста ў залі Віленскага суда расстраляў сьведку на працэсе Грамады. Пасьля быў прысуджаны польскімі ўладамі да сьмяротнага пакараньня, але, як кажуць, пад націскам сусьветнай грамадзкасьці прысуд быў заменены на турэмнае зьняволеньне. Пасьля вайны Прытыцкі займаў у БССР высокія партыйныя пасады.

1 лютага 1931 году ў Сьвярдлоўску прыйшоў на сьвет першы расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын. Расейская прэса паведамляе, што апошнім часам стан здароўя Ельцына пагоршыўся, ён пакутуе ад дэпрэсіі, навязьлівых страхаў, бяссоньня і агульнай слабасьці. Былы прэзыдэнт ня можа працаваць нават з паперамі.