Сяргей Вераціла, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя запісы прадстаўляе паэт і перакладчык Сяргей Вераціла.
24 студзеня, панядзелак
Ноч я перажыў у А.Д. Ён – літаратар і мой сябра. У мяне шмат сяброў сярод літаратараў, але А.Д. яшчэ й спартовец, а гэта ўжо іншы досьвед, а таму ягоны спосаб мысьленьня можа быць для мяне нечаканым і з гэтага цікавым. Але А.Д. у той дзень быў стамлёны, хацеў спаць і гаворкі не атрымалася. Я ж спаць не хацеў, бо на неба накочвалася поўня. А таму я ўсю ноч глядзеў у тэлік і марыў пра дзьвюхсотку гарэлкі. У тэліку EURONEWS паказваў інаўгурацыю Юшчанкі, гэта выклікала пачуцьцё зайздрасьці, потым прыйшло пачуцьцё прыкрасьці, а потым абыякавасьці. Я пераключыўся на іншы канал, дзе паказвалі сьлязьлівыя кіны, і ўжо пад самую раніцу я заснуў. Спаў настолькі моцна, так што маленькі Мікіта ня даў рады мяне дабудзіцца, каб разьвітацца перад дзіцячым садком. Потым А.Д смажыў яйка, каб запісаць на дыктафон скварчэньне патэльні. Тое яйка я зьеў, але гэта ўжо кухня. Потым мы паехалі ў горад: А.Д. па справах, а я – С.В., каб аб’яднаць рушэньнем час і прастору. У вечары я паехаў да М.К., там у яго быў У.С., яны таксама літаратары й мае сябры. Пагаварылі пра скандальную кніжку яшчэ аднаго літаратара, якога пільныя чытачы злавілі на плягіяце. Раней шмат хто гэтую кніжку пасьпеў пахваліць – рэдактар адной гісторыка-культурніцкай газэты Г.Д. назваў аўтара прадаўжальнікам традыцыяў Багдановіча. Вось вам і традыцыя, хаця мы ўсе – толькі нішчымныя плягіятары перад Госпадам.
Яшчэ крыху пра гэты дзень. Ангельскія навукоўцы вызначылі яго, як самы дэпрэсіўны на ўвесь гэты год. Ад дэпрэсіі няма лепшага сродку, як пляшка, раскатаная на двух, і гамонка пра пустое й сьмешнае.
А дзе я быў апошнія гады свайго жыцьця? З гэтае думкаю я заснуў.
25 студзеня, аўторак
Прачнуўся зноў ня рана. На кухні запарыў чаю, знайшоў кніжку У.Пялевіна “Пакаленьне П” і прачытаў яе, запіваючы чаем. Хрэнацень выбітная, але адна фраза зачапіла. Не ўтрымаюся ад цытаты, праўда паводле памяці: “Змова супраць Расеі насамрэч існуе, і ў ёй бярэ ўдзел усё ейнае дарослае насельніцтва”. Не магу не пагадзіцца, але думкі мае не пра Расею.
А потым Франак узяўся мяне пастрыгаць, праз паўтары гадзіны працы ня стала маіх косаў і на абголеных скронях праступіла сівізна. Што плакаць? – ужо даўно адзьвінелі юнацкія песьні, дый на вуліцы ня май месяц. На ўсё свой час. І я сеў мусоліць паперу. Я даўно задумаў адзін тэкст і яшчэ даўней пачаў яго запісваць. Напісаў аж дзьве старонкі. Гэта крыху наблізіла тэкст да завяршэньня, а мне дало адчуваньне, што я хоць крыху апраўдаўся перад часам. А потым прыехаў яшчэ адзін сябра і таксама літаратар У.А., ён стала жыве ва Ўкраіне, як цяпер належна казаць, а тут ён па ня вельмі радасных і пільных патрэбах. Да позьняе начы мы бавілі час у словы, запівалі іх брэндзі, і нам не бракавала ні таго, ні таго. У.А. распавёў, што нехта закачаў маё апавяданьне ў інтэрнэт, і яно там мае вялікі рэйтынг. Я і сам быў зьдзіўлены, але гэтая вестка нечакана сагрэла мне сэрца. Значыцца, я яшчэ не зусім загартаваўся, каб мяне не кранала ўхвала.
26 студзеня, серада
Я папёрся ў голдынг, там паэтка й рэдактарка Р.Б. ( яшчэ тая абрэвіятура) паказала мне сыгнал “Маладосьці” з маім апавяданьнем. Гэта было прыемна, а ў свой час я з гэтым апавяданьнем нацярпеўся, бо ніяк ня мог прыдумаць назвы, так і аддаў яго без імя, як бяз шапкі. Назву прыдумала Р.Б., можа й ня самую ўдалую, але лепш, чым ніякую. З гэтымі назвамі ў мяне заўсёды так, то самахоць скочыць з асадкі, нат не запытваючыся, а то ніяк не прыдумваецца, хоць страляйся.
З такімі думкамі я пайшоў на піва ў “Акіян”, дзе спаткаў свайго прыяцеля А.К.(яшчэ адна абрэвіятурка). Ён пачаставаў мяне півам, прачытаў свае новыя вершы і прапанаваў мне пісаць тэксты для песьняў. Тут я сумеўся, бо ўжо недзе пяць год, як не пішу вершаў, хаця часам сьню, што пішу. Прачнуся й хоць ты лопні, ня помню ані на каліва. Потым яшчэ некалькі дзён пад сэрцам смокча й пашчыквае. Раней было часьцей, а ў старасьці можа нат і не ўзгадаю, што некалі пісаў гэтыя вершы. Таму ад наступнага піва я адмовіўся і пасунуўся па горадзе, забрыдаючы ў крамы, каб паўзірацца. Я ўжо даўно не існую як спажывец, маючы хіба што на курыва.
А ўвечары я пайшоў да свайго сябра і не літаратара С.К., меркаваў папісаць, але расхацеў, пачытаў Яфрэма Сырыйца, а потым з С.К. гаманілі пра недасканаласьць чалавека, пра варыянты ўцёкаў ад сучаснай цывілізацыі і пра беспэрспэктыўнасьць такіх уцёкаў. Мой сябра С.К. – былы вайсковец, а цяпер вайсковец і крыху мізантроп, займае свой час пошукамі сусьветнай гармоніі. І, можа быць, гармонія для яго заключаецца ў гэтых бясконцых пошуках. З гэтаю думкаю і кніжкай пад падушкай я і заснуў.
27 студзеня, чацьвер
Зранку ў краме я спаткаў свайго прыяцеля А.М. Ён – кампутаршчык. Разгаварыліся, міжволі зачапілі ўкраінскую тэму, і не пасьпелі мы назваць абодва прозьвішчы, як аднекуль выскачыла загадчыца й пачала гістэрыку, што мы тут мітынг праводзім. Мітынгу мы ня ладзілі, сварыцца таксама не хацелася, мы выйшлі й адначасова прамовілі адно й тое ж: страх.
А на вуліцы сёньня сапраўдная зіма. Каб мая галава не адмерзла, С.К. даў мне шапку, бо сваю я згубіў у нецьвярозым стане. Псыхолягі кажуць, што звычка губляць рэчы паказвае на падсьвядомы суіцыд. Я пра гэта не хачу думаць. Вецер на вуліцы такі, што лепш падстаўляць яму сьпіну і шукаць затульных месцаў, каб выкурыць чарговую цыгарэту. Потым сьцішэла й пайшоў сьнег, сапраўдны зімовы, і схаваў ад вачэй міжсэзоннае ўбоства, але неяк адразу сталі заўважныя старыя, зь іхняй бездапаможнай няўклюднасьцю.
Калі сьнегу нападала шмат, і ён ніяк не хацеў канчацца, я рушыў да свайго сябра Т.К. Ён раней маляваў карціны, а цяпер запаўняе прастору ня менш прыгожымі рэчамі. У яго я спаткаў мастака А.С., які тут на субарэндзе, бо адному Т.К. плаціць за майстэрню амаль непад’ёмна. Зразумела, што мы гаварылі пра стыль, пра сям’ю, пра агульных знаёмых і пра пляны на будучыню альбо пра іх адсутнасьць. Разьехаліся позна, ці не апошнім цягніком мэтро.
28 студзеня, пятніца
Я сяджу, п’ю каву й пішу дзёньнік. І думаю: колькі іх будзе, гэтых тыдняў у маім жыцьці, і ці будуць яны вартыя запісу, і адчуваю ўдзячнасьць да людзей, да сябе, да паперы, што яшчэ ня тое стрывае. Добрых вам дзён.