Алесь Дашчынскі, Менск У панядзелак 31 студзеня будзе вырашацца лёс зьняволенага прафэсара, былога рэктара Гомельскага мэдычнага інстытута Юрыя Бандажэўскага. У папраўчай калёніі-пасяленьні №26, якая знаходзіцца ў Дзятлаўскім раёне, нарэшце прызначылі дату пасяджэньня адмысловай камісіі, якая павінна прыняць рашэньне наконт зьмякчэньня пакараньня.
Рашэньне пра пасяджэньне камісіі прымалася цягам месяца, прычым яго дата некалькі разоў мянялася і, нарэшце, пасяджэньне прызначылі на 31 студзеня. “Якая будзе вынесена пастанова прагназаваць складана, улічваючы тое, што справай Бандажэўскага кіруюць зьверху”, цьвердзіць жонка прафэсара Галіна Бандажэўская. Ня выключана, што ўлады могуць і адмовіць ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.
(Бандажэўская: ) “Хочацца спадзявацца, што ўсё ж такі паступяць па законе, прыменяць гэты артыкул №90 крымінальнага кодэксу, бо Бандажэўскі фактычна ўжо адседзеў дзьве траціны свайго тэрміну. У калёніі за ім няма ніякіх парушэньняў паводзінаў, і плюс яшчэ гэты стан здароўя, які апошнім часам, канешне, ня зь лепшых. Спадзяюся на гуманізм і справядлівасьць рашэньня”.
Пагатоў што былы прарэктар інстытута Ўладзімер Раўкоў, які быў асуджаны па тым жа артыкуле на такі ж самы тэрмін, даўно ўжо мае гэтае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.
Начальнік папраўчай калёніі-пасяленьня №26 Васіль Каляда патлумачыў затрымку са скліканьнем камісіі тым, што, маўляў, зьняволены яшчэ не вырашыў пытаньне аб прапісцы – невядома, дзе ён будзе жыць пасьля вызваленьня.
Паводле Галіны Бандажэўскай, гэтае пытаньне даўно вырашана. Спадар Бандажэўскі будзе прапісаны на кватэры жонкі ў Менску і будзе працаваць у Інстытуце радыяцыйнай бясьпекі, якім кіруе прафэсар Васіль Несьцярэнка. Дырэкцыя інстытута прыняла такое рашэньне ў сувязі з тым, што да суда, пасьля амаль пяцімесячнага арышту, Бандажэўскі перайшоў на працу ў гэты інстытут і з таго часу лічыўся яго супрацоўнікам. Інстытут падаў адпаведную даведку ў калёнію, што прафэсар можа вярнуцца на сваё працоўнае месца, на пасаду навуковага супрацоўніка.
Зьняволены прафэсар Бандажэўскі асабліва ня рады маючаму адбыцца пасяджэньню камісіі ў калёніі, бо ад беларускіх праваахоўных ворганаў можна чакаць чаго заўгодна.
(Бандажэўская: ) “Вельмі яркія прыклады цягам мінулых шасьці гадоў. Незвычайнае затрыманьне паводле дэкрэта прэзыдэнта і, калі зьмякчалі першую меру пакараньня, цягам пяці месяцаў ішоў нейкі гандаль: адпусьціць – не адпусьціць, няма месцаў у калёніі-пасяленьні. Потым яго паклалі ў лякарню і пачалі абсьледаваньне стану здароўя. Усё гэта зацягнулася на 5 месяцаў. Як гэта будзе на гэты раз? Ён кажа, што гатовы да ўсяго, бо чакаць нейкай паблажкі цяжка”.
Тым часам камітэт у абарону прафэсара, створаны ў Францыі, Міжнародная амністыя і вучоныя розных краін дасылаюць лісты ў калёнію з патрабаваньнем вызваліць Юрыя Бандажэўскага, каб ён меў магчымасьць працягнуць сваю навуковую дзейнасьць.
Прафэсар Юрый Бандажэўскі быў асуджаны да 8 гадоў зьняволеньня быццам бы за хабарніцтва. Частку свайго тэрміну ён адседзеў у менскай вязьніцы. Паводле праваабаронцаў, усясьветна вядомага вучонага кінулі за краты за ягоную крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў і пазыцыі афіцыйнай мэдыцыны ў пытаньні ўзьдзеяньня чарнобыльскай аварыі на здароўе людзей.