Польшча прызнае беларускія дыплёмы яшчэ сёлета

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прадстаўнікі міністэрства нацыянальнай адукацыі і спорту Польшчы заяўляюць, што яшчэ сёлета Варшава падпіша зь Менскам дамову аб прызнаньні ў Польшчы беларускіх дыплёмаў.
Летась увосень Польшча выйшла з гэтак званай Праскай канвэнцыі, на падставе якой беларускія дыплёмы прызнаваліся і ў польскіх установах. Аднак у міністэрстве нацыянальнай адукацыі і спорту Польшчы заяўляюць, што тэкст новага польска-беларускага пагадненьня ў гэтай справе ўжо падрыхтаваны – цяпер ён узгадняецца зь іншымі міністэрствамі і можа быць падпісаны яшчэ ў першай палове сёлетняга году.

Паведамляецца, што асобы, якія скончылі навучальныя ўстановы ў Беларусі па большасьці спэцыяльнасьцяў змогуць аўтаматычна атрымліваць пацьверджаньне сваіх дыплёмаў.

У пагадненьні, аднак, будуць акрэсьленыя шэраг прафэсіяў – напрыклад лекар, фармацэўт, адвакат ці архітэктар – у якіх патрэбная настрыфікацыя, ці прызнаньне адпаведнасьці дыплёмаў патрабаваньням Эўрапейскага Зьвязу.