Дзеля рэгістрацыі віцебскія апазыцыйныя партыі згодныя рамантаваць сутарэньні пад жылымі дамамі ды ўстановамі

Браніслава Станкевіч, Віцебск Але з той умоваю, каб ім было дазволена скарыстаць іх у якасьці юрыдычных адрэсаў. Пра гэта мясцовыя кіраўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада ды Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады заявілі на сустрэчы з гарадзкімі ўладамі.
Што сталася прычынаю такой заявы? Справа ў тым, што віцебскія партыйныя арганізацыі цягам мінулых чатырох гадоў бесьперашкодна арэндавалі памяшканьні ў адміністрацыйным будынку па вуліцы Герцэна, дом 10/7, які належыць будаўнічаму трэсту №9. Улетку мінулага году яны атрымалі папярэджаньне ад гаспадароў пра тое, што працягу тэрміну арэнды ня будзе.

Як стала вядома, гэта гарадзкія ўлады аддалі вуснае распараджэньне будаўнічаму трэсту пазбавіцца ад апазыцыйных кватарантаў. Але дзякуючы пэўнай лаяльнасьці з боку кіраўніка трэсту Валянціна Козічкіна партыйцам удалося затрымацца ў арандаваных памяшканьнях да восені.

Але ўжо ў кастрычніку, неўзабаве пасьля выбараў ды рэфэрэндуму, у партыйныя офіс пачалі прыходзіць новыя арандатары, а старым тэрмінова загадалі выносіць сьцягі, плякаты, мэблю ды іншую маёмасьць. Так партыйцы апынуліся ня толькі, як кажуць, “на вуліцы”, але і без юрыдычных адрэсаў.

У такім выпадку партыйным структурам пагражае скасаваньне, бо яны мусяць перарэгістравацца да 1-га лютага, а для гэтага проста неабходна мець юрыдычныя адрэсы. З гэтай нагоды кіраўнікі арганізацыяў зьвярнуліся ў гарвыканкам, бо там маюцца зьвесткі пра вольныя памяшканьні, прыдатныя для арэнды. Калі ў гарвыканкаме ім далі пералік памяшканьняў на цэлы аркуш, яны напачатку нават узрадаваліся, але, абышоўшы некалькі дзесяткаў прапанаваных варыянтаў, пераканаліся, што гэта зусім ня тое, што трэба.

Распавядае кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў:

(Смолікаў: ) “Па-першае, нам прапанавалі сутарэньні або памяшканьні, для офісаў зусім не прыдатныя, якія да таго ж вымагаюць вялікага рамонту ды вялікіх грашовых укладаньняў. Па-другое, вялікая частка зь іх – гэта такія памяшканьні, у якіх ні пажарныя, ні санстанцыя ніколі не дазволяць адчыніць офісы. Пра гэта мне наўпрост сказалі ў адным з домакіраўніцтваў. А я распавёў гэта ўсё на сустрэчы з намесьніцай старшыні гарвыканкаму. Яна толькі пасьміхнулася, сказаўшы, што “ўлада мае права рабіць усё што заўгодна, каб толькі застацца пры ўладзе”.

Варта зазначыць, што да сустрэчы ў гарвыканкаме, пра якую згадвае спадар Смолікаў, партыйцы пасьпелі абысьці яшчэ й тыя адрэсы, якія ўдалося знайсьці самім – ад нядаўна вызваленай мастацкай майстэрні ў цэнтры да зачыненай 6 год таму крамы на самым ускрайку Віцебску.

Але як толькі даходзіла да гаворкі з гаспадарамі – кіраўнікамі гарадзкое камунальнае гаспадаркі, дык тут жа высьвятлялася, што памяшканьні ўжо здадзеныя. І абвяшчалася гэта адразу, як толькі гучала назва той ці іншай партыі.

Так што на сустрэчу са старшынём райсавету спадаром Грыцкевічам ды немесьніцай старшыні гарвыканкаму спадарыняй Аленскай кіраўнікі партыяў ужо ішлі з канкрэтнымі прапановамі. У прыватнасьці, яны абвясьцілі, што гатовыя арандаваць нават прапанаваныя сутарэньні пад жылымі дамамі, непрыстасаваныя ды нязручныя памяшканьні, рабіць там рамонты, праводзіць сьвятло ды гэтак далей, адно каб быць пэўнымі, што іх зарэгіструюць у якасьці юрыдычных адрэсаў і не прымусяць выбірацца адтуль хаця б да 2006-га году.

Аднак, паводле намесьніцы старшыні абласной арганізацыі АГП Алены Залескай, такой гарантыі ніхто з кіраўнікоў гораду ня даў.

(Залеская: ) “Я распавяла, дзе мы былі, якія нам далі адказы, як калацілася загадчыца жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Кастрычніцкага раёну, пачуўшы, што мы – ад апазыцыйнае партыі. І на гэта мне адказалі, што дзяржаўныя службоўцы мусяць кіравацца афіцыйнай палітыкай ды падтрымліваць дзяржаву”.

Напрыканцы гутаркі, як кажа спадарыня Залеская, старшыня гарсавету сказаў, што да 1-га лютага час яшчэ ёсьць ды пажадаў апазыцыянэрам посьпехаў. З чаго яны зрабілі высновы, што апазыцыю ў Віцебску цяпер ужо напэўна ня пусьцяць нават у тыя сутарэньні, якія гораду заўжды бракуе сродкаў рамантаваць ды ўтрымліваць хаця б у адносным парадку.