Рабі пільна – кругом будзе Вільня

Сяржук Вітушка, Вільня Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
“Рабі пільна – кругом будзе Вільня”, – так сказала аднойчы бабуля. У той час я яшчэ ня ведаў, што такое Вільня, і думаў, што гэтае слова так тут прыдалося, для рыфмы. Я ведаў са школы слова Вільнюс. А потым, ужо з кніжак, даведаўся, што Вільня – гэта назоў нашай старажытнай сталіцы. А потым і прыехаў у гэты горад і быў зачараваны гэтымі касьцёламі, цэрквамі, замкамі, палацамі. І тады прыгадаліся бабуліны словы: “Рабі пільна – кругом будзе Вільня”, – значыцца, усяго будзе многа, і так прыгожа, і так багата. Так што запрашаю ўсіх беларусаў наведаць Вільню і ўспомніць прыказку рабі пільна – кругом будзе Вільня.