Хатамі не чакае нападу амэрыканцаў

КАМПАЛА. Улады Ірану лічаць, што імавернасьць нападу ЗША на гэтую краіну крайне малая. Выступаючы ва ўгандыйскай сталіцы Кампале, прэзыдэнт Ірану Махамад Хатамі заявіў: “Я ня думаю, што Злучаныя Штаты пойдуць на такі неразважны крок, як ваенная атака на Іран. Мы мяркуем, што такое разьвіцьцё падзеяў малапраўдападобнае. Амэрыка мае шмат іншых праблем, у Іраку дый іншых месцах. У той жа час эканамічна й тэхнічна мы павінны быць напагатове, але я спадзяюся, што нападу ня здарыцца”. Словы Хатамі сталі рэакцыяй на нядаўнюю заяву прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, які ня выключыў магчымасьці вайсковай апэрацыі супраць Ірану, калі Тэгеран ня спыніць сваёй ядзернай праграмы.