Нямецкая прэса стрымана камэнтуе заяву Кандалізы Райс пра 6 "фарпостаў тыраніі"

Ул. інф. Як піша “Mitteldeutsche Zeitung”, тое, што Райс гаварыла ўжо не пра “вось зла”, а вызначыла шэсьць канкрэтных краінаў — Беларусь, Зымбабвэ, Іран, Паўночную Карэю, Кубу і Бірму, ёсьць сьведчаньнем амбіцыяў Вашынгтону пашырыць і ўзмацніць дэмакратыю і свабоду ў сьвеце. Толькі зьмена дыктатуры на дэмакратыю, паводле Буша і Райс, зробіць будучыню ЗША і астатняга свабоднага сьвету больш надзейнай, — піша “Mitteldeutsche Zeitung”. Шэраг нямецкіх выданьняў параўноўваюць выказваньні спадарыні Райс з “дыпляматычнай дубінай”.
Як піша “Volksstimme”, нельга не пагадзіцца з высновамі амэрыканскага міністра адносна падзеяў 11 верасьня і з тым, што тэма барацьбы з тэрарызмам ёсьць цэнтральнай у міжнароднай палітыцы ЗША. Іншая справа, калі Кандаліза Райс параўноўвае з Іракам такія краіны, як Іран і Беларусь. Гэта можна інтэрпрэтаваць як ваенную пагрозу. Той, хто зарана выкарыстоўвае ў якасьці палітычнага інструмэнту падобную дыпляматычную дубіну, перакрэсьлівае магчымы посьпех мірных перамоваў, піша “Volksstimme”.

Камэнтуючы цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, назіральнікі не выключаюць магчымасьці далейшага жорсткага наступу ўладаў на апазыцыю. Газэта “Financial Times Deutschland” цытуе словы кіраўнічкі працоўнай групы АБСЭ па Беларусі Уты Цапф у зьвязку з працэсам над былым міністрам і амбасадарам Міхаілам Марынічам. Паводле Уты Цапф, гэты прысуд ёсьць гратэскавым і беспадстаўным.

“Financial Times Deutschland” nрыводзіць таксама меркаваньні асобных аналітыкаў адносна пэрспэктываў аранжавай рэвалюцыі ў Беларусі. Некаторыя падобна Дэвіду Лэвісу зь Міжнароднай крызіснай групы лічаць, што падзеі ва Ўкраіне могуць яшчэ больш паўплываць на рост параноі сярод лідэраў суседніх аўтакратычных урадаў. Аўтакраты добра ўсьведамляюць, што слабыя рэжымы не выжываюць — трэба заўсёды наносіць папярэдні ўдар, піша “Financial Times Deutschland”.

***

Наагул, заява Кандалізы Райс пра “фарпосты тыраніі” выклікала рэзкую рэакцыю з боку шасьці краінаў.

Паводле паведамленьняў швайцарскага друку, урад Зымбабвэ назваў Райс фашысткай. Куба запатрабавала ад ЗША пакласьці канец парушэньням правоў чалавека ў турме Гуантанама (ваенная база ЗША на тэрыторыі Кубы). Іранскі прэзыдэнт Мухамэд Хатамі заявіў, што ягоная краіна гатовая да абароны ў выпадку нападу на яе ЗША. Што да Беларусі, то тут апэратыўна паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі антыбушаўскі фільм "Фарэнгайт 9/11" рэжысэра Майкла Мура.