Зорка “Штутгарту” Аляксандар Глеб, магчыма, згуляе ў дабрачынным матчы, сродкі зь якога пойдуць ахвярам цунамі

Ул. інф. Ня выключана, што футбаліст нямецкага "Штутгарту" Аляксандар Глеб у складзе зборнай замежных зорак Бундэсьлігі правядзе дабрачынны матч з нацыянальнай нямецкай зборнай. Сустрэча адбудзецца 25 студзеня на стадыёне "Шальке" ў Гельзэнкірхэне, і сродкі, атрыманыя ад яе, пойдуць у фонд ахвяраў цунамі.
Кандыдатаў на ўдзел у гэтай гульні прапанавалі заўзятары нямецкага футболу ў часе адмысловай тэлефоннай акцыі, арганізаванай нямецкай Бундэсьлігай і газэтай “Bild”. Як вынікае з тэлефоннага апытаньня футбольных фанатаў, Аляксандар Глеб па-ранейшаму мае сярод нямецкіх заўзятараў рэпутацыю выдатнага майстра дрыблінгу, хуткага і тэхнічнага паўабаронцы.

Мяркуючы з усяго, нядаўняя гісторыя з аўтамабільнай аварыяй Глеба так і ня трапіла ў нямецкую прэсу. Нагадаем, што на радзіме футбаліста ў зьвязку з аўтааварыяй, якая здарылася ў Менску 29 сьнежня і ў выніку якой адзін чалавек загінуў, а яшчэ адзін быў паранены, пачата крымінальная справа і вядзецца расьсьледаваньне. Вінаваты пакуль што ня вызначаны, аднак з Аляксандра Глеба ўзятая падпіска, што ён у любы момант прыедзе ў Менск на патрабаваньне сьледчых органаў.

У беларускай афіцыйнай прэсе здарэньне амаль ня мела рэзанансу, а нацыянальная тэлевізія ўвогуле не перадала рэпартажаў на гэтую тэму.