За што былі асуджаныя муж і сын Галіны Жураўковай?

Алег Грузьдзіловіч, Менск Крымінальныя справы супраць мужа і сына былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіны Жураўковай ёсьць формай ціску на яе, падазрае абарона Жураўковай. У чым вінаватыя сваякі Галіны Жураўковай?
Заўтра, 18 студзеня, магчыма, будзе пастаўленая кропка ў працэсе над Галінай Жураўковай — былой кіраўніцай справаў прэзыдэнта, якую падазраюць у крадзяжы больш як 3 мільёнаў даляраў праз службовыя злоўжываньні. Галіна Жураўкова была арыштаваная разам з сынам і мужам і, паводле яе адвакатаў, адчувала сябе закладніцай. “Жураўкова зразумела, што толькі ад яе залежыць, ці выйдуць на волю муж і сын”, — заявіў у судовых спрэчках адвакат Жураўковай Алег Дубавец.

Менавіта гэтай заклапочанасьцю пра лёсы блізкіх адвакат патлумачыў тое, што на допытах у КГБ Жураўкова прызнавалася вінаватай у атрыманьні незаконных грошай і вярнула ў казну больш як паўтара мільёна даляраў. Вось што на працэсе адвакат казаў пра гэтыя грошы:

(Дубавец: ) “Так, гэтыя грошы пазычаліся, каб кампэнсаваць страты. Кампэнсаваць страты, каб выйсьці на волю. Выйсьці на волю, каб дапамагчы мужу і сыну”.

На судзе Жураўкова цалкам адмовілася ад ранейшых паказаньняў. Чым займаліся муж і сын Жураўковай і ці маюць яны дачыненьне да яе крамінальнай справы?

Летась на пачатку сьнежня прадпрымальнік Уладзімер Жураўкоў, муж Галіны Жураўковай, даваў паказаньні на працэсе над ёю ў якасьці сьведкі. На судзе было абвешачана, што Жураўкоў знаходзіцца пад сьледзтвам паводле іншай крымінальнай справы — за нявыплату падаткаў. Гэтая гісторыя пачалася анэкдатычна. Яшчэ ў 2001 годзе ў Чавусах, падчас будаўніцтва на зямельным участку, які належаў Уладзімеру Жураўкову, быў знойдзены шкляны слоік, а ў ім — 65 тысяч даляраў. Будаўнікі ўжо пасьпелі падзяліць грошы, калі знайшоўся іх гаспадар — Уладзімер Жураўкоў. Грошы яму вярнулі, але міліцыя пасьпела пачаць разьбіральніцтва. Пра дакумэнты той справы сьледчыя згадалі амаль праз тры гады, калі затрымалі Галіну Жураўкову. Яе мужа абвінавацілі ва няўплаце падаткаў і неўзабаве асудзілі на тры гады зьняволеньня. Сувязі гэтай справы са справай Галіны Жураўковай сьледчыя не знайшлі.

Пры канцы 2004 году Маскоўскім судом Менску быў асуджаны і прыёмны сын Жураўковай Віталь Пахомаў. Яго прызналі вінаватым у шэрагу эканамічных злачынстваў, сярод якіх незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць, нявыплата падаткаў, нанясеньне маёмасных стратаў. У тым ліку суд высьветліў, што камэрцыйная фірма, якой валодаў Віталь Пахомаў, незаконна набывала аўтамабілі праз крамы канфіскаваных тавараў, якія падпарадкаваныя кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Аднак і ў дадзеным выпадку прамой сувязі са справай Галіны Жураўковай сьледзтва не знайшло. Прыёмны сын Жураўковай Віталь Пахомаў быў асуджаны на тры гады зьняволеньня.