Беларусь застаецца ў “дваццатцы” краінаў-экспартэраў зброі

Валер Каліноўскі, Менск МЗС Беларусі апублікаваў “Нацыянальную справаздачу аб палітыцы экспартнага кантролю, экспарту ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі ў 2003–2004 гадах”. Адрозна ад папярэдняй справаздачы, у новай няма зьвестак пра краіны, у якія прадавалася беларуская вайсковая тэхніка. Няма таксама інфармацыі пра віды тэхнікі і аб’ёмы продажаў.
МЗС Беларусі дэкляруе празрыстасьць у сфэры экспарту беларускіх узбраеньняў і вайсковай тэхнікі. Дзеля гэтага беларускі урад з 2002 году добраахвотна рыхтуе адпаведную справаздачу. У ранейшай справаздачы можна было, напрыклад, прачытаць, што Беларусь прадавала ў 2001–2002 гадах свае ўзбраеньні ў Іран, Судан, Кот-д’Івуар, шэраг іншых краінаў, і былі табліцы спэцыфікацыі прададзеных узбраеньняў.

Новая справаздача — значна больш агульная, новай інфармацыі ў ёй вельмі мала, перакананы беларускі экспэрт у вайсковай галіне Аляксандар Алесін. Фактычна справаздача ўтрымлівае зьвесткі толькі пра нарматыўныя акты, якія дзейнічаюць у галіне ліцэнзаваньня і кантролю за экспартам зброі. Больш інфармацыі Беларусь прадставіла ў ААН у Рэгістар па звычайных узбраеньнях, дзе паводле вынікаў 2003 году ў ліку імпартэраў беларускай зброі названыя Судан і Кот-д’Івуар.

Між тым, яшчэ пяць гадоў таму Беларусь уваходзіла ў дзясятку найбуйнейшых гандляроў зброяй. Цяпер, пасьля таго, як запасы савецкіх часоў разышліся, Беларусь памяняла спэцыфіку свайго вайсковага экспарту і застаецца ў дваццатцы лідэраў, зазначае Аляксандар Алесін.

(Алесін: ) “Цяпер мы зьмянілі структуру вайсковага экспарту, усё болей ваенная электроніка, лазэрна-аптычная тэхніка, мікрасхемы для мадэрнізацыі сыстэмаў проціпаветранай абароны ды іншага. Калі браць па вазе, то гэта нельга параўнаць з танкамі, самалётамі, якія мы пастаўлялі раней, але вартасьць цяперашняга экспарту, мяркую, высокая, таму ў “дваццатку” мы можам уваходзіць”.

Акрамя таго, Аляксандар Алесін кажа, што трэба ўлічваць і экспарт беларускіх тавараў падвойнага прызначэньня, якія могуць выкарыстоўвацца для вайсковых мэтаў і якія звычайна не ўваходзяць у падобныя справаздачы. А эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што беларускі ўрад мусіў бы рабіць справаздачу ня толькі перад міжнароднымі арганізацыямі, але і перад сваім народам, каб паведаміць ня толькі каму і колькі беларускай зброі прададзена, але і якія грошы ад гэтага атрыманыя і на што яны выдаткаваныя.

Паводле зьвестак начальніка ўпраўленьня кампаніі “Белтэхэкспарт”, якая займаецца пастаўкамі зброі за мяжу, Вячаслава Шэйды, Беларусь паводле вынікаў 2003–2004 гадоў упэўнена трымалася ў “дваццатцы” краінаў-экспартэраў зброі.