75% беларускага FM-эфіру занялі “клоны” расейскай “папсы”

Ігар Карней, Менск Загад Аляксандра Лукашэнкі напоўніць ад 1 студзеня радыёэфір беларускімі выканаўцамі ў прапорцыі ня меней за 75% ад усяго часу гучаньня стварыў шэраг спадарожных праблемаў. Ды-джэі FM-станцый перакананыя: праз 2-3 месяцы адрозьніць адну радыёхвалю ад другой будзе практычна немагчыма, паколькі выбіраць няма з чаго. Да таго ж, па-ранейшаму дзейнічае неафіцыйная забарона на выкарыстаньне фанаграмаў шэрагу беларускіх гуртоў, якія, з гледзішча афіцыйных асобаў, у сваёй творчасьці займаюць “няправільную” грамадзянскую пазыцыю. Як лічаць адмыслоўцы, сытуацыя пачынае нагадваць падзел на “чэсных” і “нячэсных” музыкаў, якая зь лёгкай рукі таго ж Лукашэнкі здарылася ў журналістыцы.
Яшчэ 4 студзеня інфармацыйнае агенцтва БелТА агучыла: усе FM-станцыі выконваюць патрабаваньне аб насычэньні эфіру беларускай музыкай. Аб гэтым, прынамсі, сьведчаць плэй-лісты, якія рэдакцыі накіроўваюць у Міністэрства інфармацыі і якія, як прызнаўся ў адным з інтэрвію кіраўнік міністэрства Уладзімер Русакевіч, ён праглядае асабіста.

Калі зьвярнуцца да іншых крыніцаў, то днямі на інтэрнэт-партале TUT.BY зьявіліся вынікі апытаньня наведнікаў: 73% рэспандэнтаў не падзяляюць ідэю запаўненьня FM-эфіру на тры чвэрці беларускай музыкай. Прычына, як тлумачаць самі слухачы, ня ў тым, што камусьці не падабаецца беларуская музыка. Амаль усе лічаць, што здаровая паводле сутнасьці ідэя пераўтвораная ў фікцыю. Тое, што зараз падаецца за беларускую музыку, нічым не адрозьніваецца ад сучаснай расейскай эстрады.

Перадусім, гэта “клоны” так званай расейскай папсы: Саша Нэма, Влада, браты Хлястовы, Кірыл Слука, ды шэраг іншых. Здагадацца, адкуль яны, зь Менску ці з Кастрамы – практычна немагчыма; гэта проста трэба ведаць. Сюды ж можна запісаць ахвотных патрапіць у расейскія тэлешоў “Фабрыка зорак”, “Народны артыст”, “Стань зоркай” і г.д. Пераможцы першых двух, Натальля Падольская з Магілёву і Руслан Алехна з Бабруйску, цяпер таксама патрапілі ў жаданыя 75% беларускай музыкі, хоць з беларускасьцю гэта нічога агульнага ня мае.

За беларусаў таксама “ідуць” сьпевакі, якія даўным-даўно згубілі ўсялякую сувязь з Беларусьсю, асеўшы ў Расеі: Юрый Антонаў, Алена Сьвірыдава, Барыс Маісееў, Анжэліка Агурбаш, гурты “Бі-2”, “Начныя снайпэры”. Зь іншага боку, працягвае дзейнічаць фактычная забарона на зьяўленьне ў эфіры гуртоў ці выканаўцаў, якія маюць сьмеласьць заяўляць пра іншыя прынцыпы ў сваёй творчасьці. Гэта з дзесятак імёнаў, сярод якіх “NRM”, “Палац”, “Нэйра-Дзюбель”, Памідораў…

Сёлета ў рамках калядных і навагодніх канцэртаў як ніколі шмат беларускай музыкі на тэлеканалах. Цягам тыдня тэлеканцэрты фактычна не прыпыняюцца. Гэта цэлыя цыклі – “Песьня году Беларусі”, “На скрыжаваньнях Эўропы” і г.д. І падзел на “чэсных” і “нячэсных” тут яшчэ больш адчувальны. Прычым тычыцца гэта ня толькі музычнага жанру.

Ужо можна канстатаваць, што безвынікова скончыліся спробы комік-дуэту “Саша і Сірожа” патрапіць у расклад перадачаў Першага музычнага каналу. Вось што адказаў на пытаньне “якія ў дуэта пэрспэктывы зьяўленьня на тэлебачаньні?” Аляксей Хацкевіч, ён жа “Саша”:

(Хацкевіч: ) “У Беларусі? Ды кранты, усё – ня выпусьцяць. Пайшлі “адмазкі”: – каб спадарожнік каштаваў 4 тысячы даляраў, а так 18... Абы што; зразумела, што – усё. Але будзем даходзіць да гледача на відэа, на DVD. Ва Ўкраіне выходзяць нашыя “The Best”, і ў Беларусі будзем таксама выпускаць. Так што ўсё будзе. І хто цікавіцца, можна будзе ўбачыць. Прычым носьбітаў можа быць колькі заўгодна, таму што перадачаў вельмі шмат”.

Як лічыць праграмны дырэктар “Альфа-Радыё” Дзьмітрый Шунін, дзеля насычэньня эфіру ў прапорцыі 75% (бяз розьніцы, што мець канкрэтна на ўвазе) патрэбна, каб штотыдзень зьяўлялася 15 новых кампазыцыяў. Пакуль паказчык “пладавітасьці” беларускіх аўтараў вельмі далёкі ад такой нормы.