Пераначуем – болей пачуем

Юрась Бушлякоў, Прага Новая перадача сэрыі “Магія мовы”.
Пераначуем – болей пачуем або (крыху іначай) пераначуем – лепей пачуем – гэтымі словамі ў нас перасьцерагаюць, каб не сьпяшаліся зьвечара, агледзеліся, або проста даюць сабе ды іншым палёгку: што, маўляў, цяпер за работу брацца – вось пераначуем, а тады й разьбярэмся, зробім. Унівэрсальнае правіла – брацца за работу адпачыўшы, зь сьвежаю галавою – вылілася ў нашай мове ў празрыстую прыказку пераначуем – болей пачуем.

У кожнай мове ёсьць прыказкі з такім самым або блізкім да яго сэнсам, але нам хапае сваіх сродкаў выражэньня. Мы не калькуем расійскага утро вечера мудренее ці, скажам, польскага noc przynosi radę – маем сваё пераначуем – болей / лепей пачуем. Мы канстатуем, што трэба пераначаваць, і ноч паможа – выспаўшыся, пачуем болей... А, прыкладам, ангелец у такой сытуацыі сказаў бы нам параіцца з падушкаю – take counsel of your pillow.

Па-беларуску могуць сказаць: думай зь вечара, а рабі з раньня; пажывем далей – угледзім болей або пажывем – пабачым больш, ці яшчэ неяк. Але найчасьцей, прапануючы набрацца за ноч сілы, сабраць думкі, да нечага падрыхтавацца, па-беларуску раяць: пераначуем – болей пачуем.