Юрась Бушлякоў, Прага Новая перадача сэрыі “Магія мовы”.
Што гаворым пры сустрэчы чалавеку, зь якім бачымся рэдка, якога даўно ня бачылі? У такой сытуацыі можам скарыстаць фразэму гады ў рады. Беларускае спалучэньне гады ў рады ўжываецца, вядома ж, ня толькі пры вітаньнях. Калі мы робім нешта занадта рэдка, зусім нерэгулярна – гэта значыць, што робім гады ў рады: заходзім, да прыкладу, да кагось гады ў рады, пераведваем некага гады ў рады, гады ў рады чытаем нейкую газэту. Фразэма часам ужываецца й з адваротным парадкам кампанэнтаў – рады ў гады.
Чаму так гавораць: гады ў рады й рады ў гады? Магчыма, асноваю фразэмы стаў вобраз гадоў, якія ва ўяўленьні чалавека выстройваюцца ў рады. Зрэшты, трэба пагадзіцца з дасьледнікам фразэалёгіі Іванам Лепешавым: такая не зусім лягічная зьвязка словаў – гады ў рады – у значнай ступені магла быць абумоўленая проста рыфмаю.
І апошні штрышок. Гады ў рады – ня проста рэгулярнае ў нашай мове спалучэньне словаў. Гэта – уласнабеларуская фразэма, і вядомая яна толькі ў нашай мове. Напомню, пры сустрэчы з тым, каго даўно ня бачылі, можам сказаць: “Гады ў рады бачымся”, – або проста: “Гады ў рады”.