Нямецкі друк пра ўплыў “аранжавай рэвалюцыі” на Беларусь

Ул. інф. Пасьля падзеяў ва Ўкраіне аранжавы колер стаў колерам надзеі для іншых постсавецкіх краінаў, у якіх дэмакратыя застаецца нязвыклай зьявай. Ці стане “аранжавая рэвалюцыя” штуршком да пераменаў у Беларусі ды іншых краінах СНД?
Як заўважае на старонках “Frankfurter Allgemeine” міжнародны каардынатар сацыял-дэмакратаў у нямецкім Бундэстагу Маркус Мэкель, які ў днi аранжавай рэвалюцыі знаходзіўся ў Кіеве, украінскія падзеі нагадваюць дух тых пераменаў, што адыбыліся ў Цэнтральнай Эўропе ў 1989–1990-я гады. Пры адпаведных ўмовах яны могуць даць сапраўдны штуршок для сыстэмных зьменаў ва ўсёй Эўропе.

Газэта “Der Tagesspiegel” зьвяртае ўвагу на першыя спробы беларускай апазыцыі паўтарыць украінскі досьвед. “Дэмакратыя — заразная рэч, — піша выданьне. — Такія высновы робіш, назіраючы за падзеямі апошніх тыдняў у Беларусі, дзе прыхільнікі апазыцыі час ад часу праводзяць дэманстрацыі. У аранжавых танах. Супраць дыктатара Лукашэнкі”.

Паводле “Der Tagesspiegel”, затрыманьні ўдзельнікаў гэтых акцыяў ёсьць сур’ёзным знакам таго, як надалей могуць разьвівацца падзеі ў гэтай краіне. “Адрозна ад Украіны, беларускія СМІ кантралююцца ўрадам, крытыкаў рэжыму прымушаюць замоўкнуць, альбо тыя ўвогуле зьнікаюць. Аднак усё роўна надзея ёсьць. Людзі пасьля рэвалюцыяў ва Ўкраіне і ў Грузіі набіраюцца мужнасьці і выходзяць на вуліцу”, — піша “Der Tagesspiegel”.

Тымчасам далёка ня ўсе выданьні падзяляюць меркаваньні адносна аранжавага ўплыву на іншыя краіны СНД. Паводле “Sueddeutsche Zeitung”, паўсюль у гэтых краінах пануюць альбо аўтарытарныя рэжымы, альбо дыктатура. Не выклікае зьдзіўленьня, што назіральнікі СНД на выбарах у Беларусі ці ва Ўкраіне не заўважалі ніякіх парушэньняў. На пытаньне, ці можа выклікаць “аранжавая рэвалюцыя” ланцуговую рэакцыю ў іншых постсавецкіх краінах, аўтар артыкулу адказвае: толькі ў тым выпадку, калі пры новым кіраўніцтве ўкраінцы пачнуць жыць значна лепш, чым цяпер. Менавіта эканамічная сытуацыя зьяўляецца вызначальнай для грамадзянаў краінаў СНД, — піша ўплывовае нямецкае выданьне.