Чатыры гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці запатрабаваў дзяржаўны абвінаваўца для Галіны Жураўковай

Алег Грузьдзіловіч, Менск На судовым працэсе над былой кіраўніцай справаў прэзыдэнта Галінай Жураўковай і яе суўдзельнікамі з прадпрыемства “Белая Русь” пачаліся судовыя спрэчкі. Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў ад суду пакараць Галіну Жураўкову 4 гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Суўдзельнікаў Жураўковай пракурор запатрабаваў пакараць 4–5 гадамі зьняволеньня таксама з канфіскацыяй маёмасьці. Судовыя спрэчкі працягнуцца 5 студзеня 2005 году.

Былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова абвінавачваецца ў крадзяжы маёмасьці ў асабліва буйных памерах праз службовыя злоўжываньні ў складзе групоўкі. Санкцыя паводле гэтага артыкулу прадугледжвае ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня. Паводле сьледзтва, Галіна Жураўкова скрала больш за 1 мільён даляраў.