Чаго чакаюць беларусы ад 2005 году?

Севярын Квяткоўскі, Менск Беларусы чакаюць ад 2005 году шчасьця, дабрабыту, міру і спакою, жадаюць сабе ды іншым здароўя, посьпехаў і пераменаў у іншы бок. Але лепшы бок бачаць па-рознаму. Адны ня хочуць, каб паўтарылася украінская аранжавая рэвалюцыя, а іншыя наадварот – хочуць свабоды слова ў Беларусі. Зь мінакамі на менскіх вуліцах гутарыць карэспандэнт “Свабоды”.
(Дзяўчына: ) “Хачу зьехаць у турнэ па Ісляндыі”.

(Студэнтка: ) “Хачу, каб у маім жыцьці зьявіліся новыя людзі, новыя пачуцьці, новыя зьявы”.

(Хлопец: ) “Новыя падзеі ў палітычным жыцьці Белаурусі. Якія казаць ня буду”.

(Спадар: ) “Каб хоць што-небудзь зьмянялася”.

(Пэнсіянэрка: ) “Падвышэньня пэнсіі. Каб здароўе было, каб у санаторый можна было паехаць. А для ўсіх беларусаў спакою, міру і надзеі”.

(Спадар: ) “Жадаю нашаму народу шчасьця і дабрабыту. Каб эканоміка рабілася яшчэ лепшай”.

(Спадарыня: ) “Толькі шчасьця, больш нічога”.

(Пэнсіянэр: ) “Каб не было вайны, каб не было такога, як ва Ўкраіне”.

(Студэнт: ) “Пераменаў. Свабоды слова”.

(Хлопец: ) “Каб у першую гадзіну Новага Году мая любімая Таня вярнулася да мяне”.

(Школьнік: ) “Я проста чакаю Новага Году, і ўсё. Аніякіх праблемаў, нібыта, няма”.