Андрэй Абламейка, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя запісы перадкаляднага тыдню прадстаўляе айцец Андрэй Абламейка, пробашч грэка-каталіцкае парафіі сьвятога Язэпа ў Менску.
Субота, 18 сьнежня
Сёньня еду ў Ліду. Служба а 16.00. Учора было прарока Данілы і трох юнакоў. Зараз прарок Даніла мне блізкі тым, што адмовіўся есьці са стала бабілёнскага цара Навахуданасора і еў толькі гародніну й садавіну (Дан 1.12-13.). Уласна, апошнія тыдні Каляднага паста я жыву на спосаб Данілы – толькі гародніна й троху садавіны. Хаця Хрыстос навучае: “калі посьціш ня будзь сумны, як крывадушнік”(Мц, 6. 16а), я троху раздражнёны, калі хто-небудзь побач есьць хлеб альбо мяса. Прарок Даніла, маліся за мяне.
У Лідзе мяне сустракаюць мясцовыя рыцары. Файныя хлопцы. А галоўнае – пабожныя. Праўда, два гады таму здымаліся у масоўцы расейскага фільма “Начны дазор” па С.Лук’яненку, зараз моцна шкадуюць, бо ж хрысьціяне, а здымаліся ў некай бесаўшчыне… А мне ў Лук’яненкі “дазоры” не падабаюцца, падабаецца “Хлопчык і цемра” – вельмі павучальная для нас казка. У ёй хлопчык патрапляе ў паралельны сьвет, а там няма сьвятла, ну зусім, толькі ноч. Сьвятло людзі самі прадалі, не адразу і не ўсё, патроху, і толькі кожны прадаваў сваё, нават не заўважна адразу было, а пасьля наступіла ноч. Хлопчык гэты дапамог вярнуць сьвятло людзям.
У эвангельлі ад Яна Хрыстос называецца Сьвятлом – “І сьвятло у цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго” (Ян 1.5.)
Вечарам усё заваліла сьнегам, хоць дарогі нячышчаныя і ледзьве даехаў да дому, маю перадкалядны настрой.
Праз тыдзень – Раство.
Нядзеля, 19 сьнежня
Нядзеля пачынаецца з падрыхтоўкі да рэпэтыцыі Каляднага карнавалу. У доме вэрхал. Дзеці перавярнулі ўсю кватэру – прымяраюць карнавальныя строі. Рэпэтыцыя ў 11.00. Сьвятлана – жонка – ужо месяц не дае спакою, яна адказная за праграму сьвяткаваньня: “скажы, як гэты дыялёг?”, “а вось тут гэтая песьня падыходзіць?”. Пры тым, што маем траіх дзетак і пры ўсіх ейных абавязках, узялася яшчэ і за гэта. Зрабіць сьвята можам толькі самі сабе, гэта яна разумее. Добра б было падзяліцца з бліжнім гэтым сьвятам, выйсьці насустрач бліжняму, што напэўна самае цяжкое ў нашым жыцьці, гэта мы разумеем.
Сьвятлане дапамагаюць скаўткі, добрыя дзяўчаты і незаменныя супрацоўніцы, робяць спэктакаль па матывах Ганса Хрысьціяна Андэрсана, задзейнічалі амаль усю моладзь парафіі і старэйшыя сем’і. Усё адбудзецца на Раство 25.12. у суботу, а пасьля з гэтай праграмай пойдзем у сірацінец.
Сьв. Літургія ў 14.15. Эвангельле пра радавод Хрыста (Мц.1,1-25). Хор сьпявае файна. Усе ў чаканьні сьвята.
Пачаўся апошні тыдзень паста.
Панядзелак, 20 сьнежня
Служу сьвятую Літургію ў 8.30 у сястры Вікторыі. Сястра ў панядзелак мае рэкалекцыйны дзень. Учора яна мела заняткі з дзецьмі – вучылі танец сьняжынак. Пасьля службы сястра завіхаецца, не ведае чым мяне пакарміць: у мяне пост Данілы, нават кавы не зварыш…
Сястра нядаўна складала вечныя шлюбы, 25 лістапада. Гэта было ў Львове, манастыры сясьцёр Студытак. Вельмі прыгожы й старажытны чын – ігумен тры разы адкладаў нажніцы, а пасьля пастрыг манахіню Вікторыю і яшчэ дзьве сястры, усе атрымалі новыя імёны на знак таго, што пакінулі сьвет назаўсёды й цалкам належаць Хрысту. Сясьцёр доўга апраналі, усё доўжылася амаль гадзіну, і гэта ў рамках Літургіі.
Пасьля ўсяго, з групай парафіяльнай моладзі, ідзем наведаць храмы Львова. Львоў цікавы горад, тут можна патрапіць на праскую вулачку, альбо віленскую, а можна патрапіць у дворык, які толькі львоўскі, цэрквы тут таксама вельмі розныя і цэркваў тут вельмі шмат. Мне падабаюцца дзьве, дакладней атмасфэра ў іх: грэка-каталіцкая сьвятога Міхала і лацінская Катэдра, куды я ў Львове абавязкова заходжу памаліцца.
У гэты раз мы абышлі шэсьць альбо семь храмаў у старым цэнтры. На вуліцы завея, вакол усё аранжавае на белым, горад кіпіць, бурліць, шум, гам – рэвалюцыя. Мы зайшлі ў Катэдру, галасы сьціхлі, завея адступіла, цішыня і чырвоны агеньчык лямпадкі ў прыцемках храма. “Прабачце, ці можам мы засьпяваць песьню па-беларуску?” – “Сьпявайце!”. Засьпявалі “Дай, добры Божа…”. За Катэдрай у дворыку кавярня “Світ кавы”, заходзім каб сагрэцца. Людзей шмат, але месца знаходзім, замовілі каву, хочам расплаціцца – грошы не бяруць, сёньня задарма…
Чакаю Раства яшчэ і для таго, каб напіцца кавы.
Вечарам шмат людзей да споведзі. Гэтыя панядзелак і аўторак у парафіі – рэкалекцыйныя дні духоўнай адновы перад Раством Хрыстовым.
Да Раства – чатыры дні.
Аўторак, 21 сьнежня
Аўторак – час паклапаціцца аб падарунках для дзяцей. Падарункаў трэба каля 60-ці. З раніцы мы з жонкай ходзім па рынках, былі на Чэрвеньскім і ў Ждановічах, былі таксама ў фірменнай краме “Камунаркі”. Трэба купіць цукерак, мандарынак, можа – чакалядак, “бэнгальскіх агнёў” і пакецікі, каб раскласьці ўсё гэта. Людзей усюды поўна, прычым штурхаюцца і сьпяшаюцца купіць, быццам бы гэта апошняе – разумею, што гэта на іх уплывае перадсьвяточны настрой…
Вечарам, другі дзень рэкалецыяў, служба а 17-й. Людзей паменей, чым на рынках, спакойна й ціха заходзяць у царкву, расьсядаюцца па лавах, хтосьці кленчыць, хтосьці раскрывае малітоўнік. Моляцца старанна, як бы ў апошні раз – разумею, што і на гэтых уплывае перадсьвяточны настрой…
Сяджу і сам сабе пасьміхаюся – людзі, якія былі на рынку, магчыма, прыйшлі да царквы, а пасьля разумею, што і я быў і на рынку, і зараз тут малюся.
Дома са Сьвятланай дапрацоўваем дыялёгі вядучых, але напэўна сёньня не пасьпеем, Сьвета даробіць заўтра.
Да Раства – тры дні.
Серада, 22 сьнежня
Пачынаюць прыяжджаць сэмінарысты. У іх калядныя вакацыі. Усе разьмеркаваныя па парафіях, на дапамогу сьвятарам. Да мяне прызначаны Яўген Усошын, проста выдатны хлопец. Бачыў іх апошні раз на Сьв. Язафата, у лістападзе. Паколькі мы маем дзьве парафіі Сьв. Язафата, у Лідзе і Полацку, у гэтым годзе сьвяткавалі ў Лідзе 07.ХІ., а ў Полацку 14.ХІ.
Я ж, у сам дзень успаміну, 12-га, патрапіў у Вільню. Ня быў тут адзінаццаць гадоў, апошні раз у 1993 годзе, калі прыяжджаў Папа, Ян Павал ІІ. Вільня зьмянілася толькі з ускраінаў – супэрмаркеты і нейкія шкляныя бізнэс-цэнтры. Вострабрамская і ўвогуле стары горад – без асаблівых зьменаў, можа быць, толькі рэстаранчыкі і крамкі сталі больш яркія і стракатыя. Быў каля Сьв. Ганны, і ў чарговы раз яна мяне зачаравала, у Вострай браме ўкленчыў і маліўся напэўна перад самым прыгожым абразом Маці Божай у сьвеце, сфатаграфаваліся з архімандрытам Сяргеем ля мэмарыяльнай шыльды Францішку Скарыне. Маліўся ў царкве манастыра Сьвятой Тройцы.
Уласна прыехалі на канфэрэнцыю, прысьвечаную 400-годзьдзю ўступленьня Сьв. Язафата ў гэты манастыр. Канфэрэнцыю арганізавала “Асацыяцыя літоўскіх і ўкраінскіх гісторыкаў”, і пра Беларусь гаварыць ніхто не зьбіраўся. Напачатку было троху непрыемна і нават крыўдна, не хацелася ехаць, каб пачуць, як літоўцы будуць распавядаць пра “літоўскую” дзяржаву, а ўкраінцы пра “украінскую” царкву. Але разумеў, што калі не паехаць, дык зусім пра беларусаў ніхто не ўзгадае.
Трэба прызнацца, што я горш думаў пра тых людзей, чым было на самай справе – каюся. Сама наша прысутнасьць нешта зьмяніла. Выступоўцы, ківаючы на нас, казалі пра “літоўска-беларускую” дзяржаву і пра “беларуска-ўкраінскую” царкву. Напрыканцы архімандрыт Сяргей падзякаваў усім за тое, што вывучаюць “нашу” гісторыю, і ўсе ўвогуле пачалі гаварыць пра трохбаковыя сувязі і г.д., але гісторыкаў паміж нас не было, а вось пад час Сьв. Літургіі пастаянна гучалі і ўкраінская, і беларуская, і літоўская мовы – гэта было найважнейшым.
Вечарам была рэпэтыцыя спэктаклю, гэта штосьці неверагоднае – усе граюць амаль прафэсійна, выкладаюцца і адчуваюць ролі, мне спадабалася і падняўся настрой.
Да Раства – два дні.
Чацьвер, 23 сьнежня.
Заўтра – Куцьця, таму ўжо сёньня з раніцы размовы толькі пра гэта. Узгадваю свайго пробашча, нябожчыка айца Яна Матусевіча. Ён заўсёды настойваў, каб ва ўсіх парафіянаў на Куцьцю было дванаццаць страваў, а пад абрусам сена. Заўсёды ў апошнюю нядзелю перад Раством Хрыстовым прысьвячаў гэтаму казаньне. Ставіўся да гэтага вельмі сур’ёзна й паважна, мы маладыя троху пасьмейваліся з гэтай паважнасьці, але куцьцю заўсёды рабілі.
Сена можна купіць на рынку за дзьве тысячы, альбо ў касьцёле за дробную ахвяру на падарункі дзецям, альбо зусім задарма прывезьці з вёскі. Нашая кватэра становіцца для нас той самай пячорай, а сена пад абрусам сымбалізуе тое самае сена, на якім нарадзіўся Хрыстос.
Куцьця ў нас – гэта груца з гарэхамі, разынкамі і макам, перацёртым з цукрам. Мак будзе пераціраць айцец Алесь у пазычанай ад парафіянаў макітры: спачатку мак замочыць на ноч, пасьля гадзіну будзе церці, ён ставіцца да гэтага вельмі паважна, мне ж хапіла б змалоць усё ў кавамолцы.
Агульна будзе яшчэ адзінаццаць страваў. Боршч беларускі, толькі з бурачкоў, а ў ім вушкі з грыбамі, у наш “чарнобыльскі” час, напэўна, лепей самавырашчаныя вяшанкі абсмажыць з цыбуляй. Галубцы з рысам і засмажанымі цыбуляй і морквай зробіць сястра Вікторыя. Селядзец з алеем і цыбуляй. Будзе карп – праўда, мы са Сьвятланай яшчэ не вырашылі, ці проста “заліўны”, ці “фаршыраваны”; напэўна, спынімся на прасьцейшым “заліўным”. Будуць, канешне, дранікі, гэта папросту хутчэй, некаторыя робяць аладкі аўсяныя альбо грачаныя. Цёрты бурак з часныком, можна з хрэнам. Блінцы з грыбной мачанкай. Аўсяны кісель. Вывар з сушаных яблыкаў, грушак і сьліваў. Мёд. Пасьля ўсяго будзе вялікая прасьвірка, якую сьпячэ сястра Вікторыя. Прасьвірку будзем макаць у мёд, частавацца і жадаць адзін аднаму ўсялякага дабра і Божага Блаславеньня.
Сьвятлана сёньня хадзіла ў сірацінец, глядзелі мейсца для спэктакля і забаўляльнай праграмы.
Вечарам Апостальства малітвы Сьв. Язэпа. На наступны тыдзень, акрамя звычайных намераў да малітвы: за Папу, біскупаў і архімандрыта Сяргея, сьвятароў нашай грэка-каталіцкай Царквы і нашу парафію Сьв. Язэпа, возьмем яшчэ й за ўсіх беларусаў, для якіх Нараджэньне Хрыстова не зьяўляецца сьвятам, сьвятам Збаўленьня, сьвятам таму, што “Бог з намі” (Мц.1.23).
Да Раства застаўся адзін дзень.
Пятніца, 24 сьнежня – Куцьця
Дзеці з раніцы гудзяць, хочацца хутчэй падарункаў, чакаюць вечара, каб пільнаваць Сьвятога Мікалая. Багдан, старэйшы сьмяецца з малодшых, глядзі ты, яшчэ нядаўна сам пільнаваў.
Зараз прыедзе архімандрыт Сяргей, будзе Куцьця. На жаль, удзень, а не як у нармальных беларусаў – надвячоркам, бо ўвечары разьедземся па парафіях. Маладэчна, Ліда, а пасьля ўначы – у Менску.
“Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе слава Табе!”
Старажытная песьня Царквы называе Хрыста “Сьвятлом пазнаньня”, “Сонцам Справядлівасьці” і “Сьвітаньнем з вышыняў”. Сьвітаньне наступае і заканчваецца ноч, цемра адыходзіць, зьнікае. Сьвітаньне пачынаецца зь першага промня, які разрывае цемру. Хай жа Народжаны Хрыстос будзе такім Промнем для нас. Хай разрывае цемру недаверу, цемру самоты і безвыходнасьці.
Адзін мой сябар, айцец Робэрт, у віншаваньні напісаў мне: “Нашым Збаўцам і выйсьцем з нашых тупікоў зьяўляецца толькі Сын Божы”. Я спадзяюся, што гэтая праўда стане рэальнасьцю для кожнага беларуса.
Хрыстос нараджаецца! Слаўце Яго!