Палякі гатовыя ехаць назіральнікамі ва Ўкраіну, хоць і на Каляды

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ва Ўкраіну ўжо накіраваліся першыя назіральнікі з Польшчы. Паедуць туды таксама і супрацоўнікі фірмы, якая будзе рабіць апытаньні каля выхадаў з выбарчых участкаў. Наколькі важным у самой Польшчы лічаць назіраньне за ўкраінскімі выбарамі?
Пакуль ва Ўкраіну паляцелі толькі некалькі чалавек, прадстаўнікі партыі “Закон і справядлівасьць” – яны павінны падрыхтаваць штабы па назіраньні, каб ужо пазьней прыймаць і разьмяркоўваць іншых назіральнікаў. Што да колькасьці, дык толькі гэтая партыя падрыхтавала 2,5 тысячы назіральнікаў. Дакладна паедзе на выбары палова зь іх, бо ёсьць тэхнічныя праблемы ў разьмяшчэньні такой колькасьці людзей.

Я запытаўся ў Адама Гофмана, прадстаўніка партыі “Закон і справядлівасьць” у справе назіраньня, ці не баіцца ён, што з такім “войскам” назіральнікаў ягоную партыю могуць абвінаваціць ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы?

(Хофман: ) “Ведаеце, прафэсар Львоўскага ўнівэрсытэту сказаў мне напярэдадні, што цягам апошніх выбараў добрага для польска-ўкраінскіх дачыненьняў было зроблена больш, чым за ўсе мінулыя 15 гадоў. Для ўкраінцаў вельмі важная нашая дапамога, а для нас важна ім дапамагчы. Мы будуем новыя польска-ўкраінскія дачыненьні”.

Польскія назіральнікі, што гэтымі днямі едуць ва Ўкраіну, прайшлі адмысловыя курсы, дзе іх вучылі, сярод іншага, як сябе паводзіць у часе абстрэлу. Гаворыць інструктар – былы камандзір польскага спэцназу “Гром” Раман Полька:

(Полька: ) “Канешне, гэта крайнасьць, і я ўпэўнены, што такія веды назіральнікам ва Ўкраіне не спатрэбяцца, але калі б насамрэч нешта такое здарылася, дык ведаць, як паводзіць сябе ў такой сытуацыі, не пашкодзіць”.

Аб тым, што вынікі ўкраінскіх выбараў сапраўды неабыякавыя для палякаў, сьведчыць хаця б той факт, што тысячы зь іх гатовыя ехаць назіраць на найбольш улюбёнае сьвята палякаў – Каляды. Паводле апошніх дадзеных, Каляды ў Польшчы не сьвяткуюць толькі 0,2% жыхароў гэтай краіны.