Якія прычыны паляпшэньня сытуацыі ў аграрным комплексе?

Уладзімер Глод, Менск “Значнае паляпшэньне сытуацыі ў сельскай гаспадарцы” канстатаваў 17 сьнежня віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў. Выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, намесьнік кіраўніка ўраду адзначыў, што прырост вытворчасьці ў галіне склаў ажно 12,4% параўнальна з 2003 годам.
У якасьці дадатковых аргумэнтаў на карысьць згаданай высновы віцэ-прэм’ер назваў і зьмяншэньне стратных гаспадарак — сёлета іх будзе каля 20%, у той час як летась іх было ўтрая больш.

Добры знаўца аграрнага комплексу Аляксандар Ярашук пагаджаецца, што пэўная рацыя ў словах высокага дзяржаўнага чыноўніка ёсьць. Але ж, на думку спадара Ярашука, такі посьпех часовы, бо ён зьвязаны з тым, што сёлета шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў, установаў і нават прыватных фірмаў, згодна з загадам Аляксандра Лукашэнкі, узялі на свой кошт утрыманьне адсталых гаспадарак. “Свае” калгасы маюць цяпер Нацыянальны банк, Міністэрства ўнутраных справаў, менскі ЦУМ ды іншыя. Да таго ж стратныя гаспадаркі атрымалі адтэрміноўку вяртаньня сваіх запазычанасьцяў, якія шмат у каго дасянулі крытычнай адзнакі.

(Ярашук: ) “Спрацавалі канкрэтныя камандна-адміністратыўныя захады. Трэба мець на ўвазе, што цэлы шэраг калгасаў і саўгасаў былі перакладзеныя на плечы дзяржаўных прадпрыемстваў. Зьявіліся пэўныя ўліваньні, якія, канечне, пазытыўна адбіліся на стане справаў”.

Аляксандар Ярашук ня лічыць, што пазытыўныя моманты ў сельскай гаспадарцы Беларусі можна будзе захаваць:

(Ярашук: ) “Пералому не адбылося й не адбудзецца. Адказна можна пра гэта сьведчыць, таму што сама сутнасьць аграрнай палітыкі ў краіне ніяк не зьмянілася: па-ранейшаму працуе затратны мэханізм, па-ранейшаму няма эканамічнай зацікаўленасьці, па-ранейшаму нічога ня робіцца ў справе рэструктурызацыі”.