Vox Populi: “Якім увойдзе ў гісторыю Беларусі Станіслаў Шушкевіч?”

Алесь Дашчынскі, Менск Пра гэта ў дзень 70-годзьдзя палітыка наш карэспандэнт пытаўся ў менчукоў на вуліцы.
(Спадар: ) “Шушкевіч — гэта якраз той чалавек, які зрабіў для нашага часу самае разумнае і самае добрае для Беларусі — ён прывёў да таго, што Беларусь абвесьцілі незалежнай рэспублікай. Таму ён увойдзе у гісторыю”.

(Спадар: ) “Чалавекам, які адкрыў шлях для рэформаў на Беларусі, гэта значыць, ён даў нам шанец пайсьці нармальным кірункам. Тое, што цяпер адбываецца, гэта ўжо іншае, але шанец мелі”.

(Спадар: ) “Гэта адзін са стваральнікаў беларускай дзяржавы, сувэрэнітэт быў пад яго кіраўніцтвам, зьнешняя палітыка пры ім была лепш пастаўленая, чым цяпер. Ён павінен заняць дастойнае месца ў гісторыі Беларусі”.

(Спадар: ) “Станіслаў Станіслававіч увойдзе ў гісторыю як адзін з тых, хто ўрэшце разваліў савецкую імпэрыю”.

(Спадарыня: ) “Канечне, увойдзе, усё ж такі чалавек падпісаў Белавескую дамову, гэта гістарычная падзея”.

(Дзяўчына: ) “У свой час ён быў на чале нашай краіны, нашага парлямэнту, але для маёй сям’і гэта быў больш складаны час, чым цяпер”.

(Спадар: ) “Пакіне свой сьлед ў гісторыі Беларусі — фізык, навуковец, разумны чалавек. Лічу, што ён быў бы і выдатным палітыкам, але абставіны склаліся так, як склаліся”.

(Спадарыня: ) “Для мяне ён вельмі цікавы чалавек, у свой час я нават за яго галасавала, бо ведаю яго па ўнівэрсытэце. Найдабрэйшай душы чалавек, але яго цяпер заціснулі, не далі яму нічога зрабіць!”

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што ў нас не было ні генацыду, ні розных такіх падзеяў, якія былі ў іншых краінах, гэта ўжо добра”.

(Спадар: ) “Шушкевіч увойдзе ў гісторыю як адзін зь нямногіх інтэлігентаў, якія былі ва ўрадзе ад самага пачатку. Можна папросту сказаць: гэта высокапрыстойны, культурны чалавек, які быў у палітыцы. На жаль, гэта вялікая рэдкасьць”.

(Юнак: ) “Ён сапраўдная асоба, але яму не хапае лідэрства. Каб ён быў больш яркім лідэрам, то можа, быў бы прэзыдэнтам гэтай рэспублікі”.

(Спадар: ) “Прынцыповы чалавек, быў старшынём Вярхоўнага Савету, асабіста мне падабаўся як чалавек і кіраўнік. Ну, жадаю яму здароўя, шчасьця і каб пэнсія ў яго была як належыць — не 2, а хаця б даляраў 300–500, — чалавек заслугоўвае гэтага”.