Цытаты мінулага – 13 сьнежня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 13 сьнежня.
“Могилевские губернские ведомости”, 1914 год:

“У духоўным яднаньні са Сваім народам Гаспадар Імпэратар загадаў у адносінах дзяцей ніжніх чыноў прыняць наступныя захады. Кожнаму зь дзяцей ніжніх чыноў, што загінулі на вайне альбо страцілі з прычыны вайны здольнасьць працаваць і ня маюць сродкаў, як жыць, выдаваць у год пасьля спыненьня харчовай дапамогі (казённага пайка), калі яны яго атрымлівалі, і па дасягненьні 16 гадоў ад нараджэньня, па 24 рублі тым, хто жыве ў сёлах, вёсках і невялікіх гарадах, і ад 30 да 42 рублёў тым, хто жыве ў вялікіх гарадах. Круглым сіротам будзе выдавацца ўзмоцненая дапамога”.

“Віцебскі пролетарый”, 1934 год. Пастанова бюро гаркаму КП(б)Б:

“1. У мэтах шырокага разгортвання пахода за асваенне мастацкай літаратуры, правесці 30 снежня ў калгасах раёна адзіны дзень чыткі мастацкай літаратуры (“Дрыгва” Я.Коласа). 2. Абавязаць парторгаў калгасаў забяспечыць паспяховае правядзенне гэтага пахода (скліканне сходаў калгаснікаў, забеспячэнне памяшканнем). 3. …падабраць з ліку настаўнікаў літаратуры і студэнтаў выпускных курсаў вышэйшых навучальных устаноў горада кіраўнікоў для правядзення ў калгасах чыткі мастацкай літаратуры”.

“Рэспубліка”, 1994 год:

“Ад часу выбраньня першага Прэзыдэнта Беларусі журналісты ўсіх цэнтральных выданьняў чакаюць абяцанай Аляксандрам Лукашэнкам свабоды. Чаканьне гэтае зацягнулася бязьмерна, свабоды ў будучыні, як акінуць вокам, не відаць, “куратары” прэсы маўчаць. Сьведчаньнем таму была нядаўняя заява нашага рэдакцыйнага калектыву. Яшчэ больш адчаю прагучала ў суботняй заяве “За свабоду слова” рэдакцыі “Советской Белоруссии”. Першы намесьнік галоўнага рэдактара “СБ” Уладзімер Хачырашвілі патлумачыў карэспандэнту “Р”, што… “Усе нашыя спробы вырашыць пытаньне цывілізавана натыкаліся на сьцяну ватнай маўклівасьці”.