Выстава ў Магілёўскім мастацкім музэі імя Масьленьнікава –спалучэньне нацыянальных традыцыяў і сучасных поглядаў

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў На Магілёўшчыне 2004 год быў аб’яўлены годам ураджэнца вобласьці Паўла Масьленьнікава – у сувязі зь 90-гадовым юбілеем народнага мастака Беларусі. 10 сьнежня ў Магілёўскім мастацкім музэі, які носіць яго імя, ўрачыста адкрыецца выстава пад назвай “Вытокі натхненьня”.
Выстава прысьвечаная Паўлу Масленьнікаву, аднак усе творы, прадстаўленыя на ёй, належаць яго вучням. Мастак стаяў ля вытокаў стварэньня ў Беларускай акадэміі мастацтваў катэдры касьцюма й тэкстылю і некалькі гадоў выкладаў на ёй. Яго першыя студэнты цяпер самі сталі выкладчыкамі й разам са сваімі выхаванцамі прысьвячаюць сваю працу Паўлу Масьленьнікаву.

Сёньня магілёўцы ўбачаць батыкі й габэлены, традыцыйныя і выкананыя з дапамогай новых аўтарскіх тэхналёгіяў. Таксама – шпалеры, лялькі, розныя строі – гістарычныя, народныя і сучасныя. Як кажуць у музэі, гэта ёсьць сучасная трактоўка нацыянальных традыцыяў. Гаворыць намесьніца дырэктара музэя Сьвятлана Строгіна:

(Строгіна: ) “Наша нацыянальнае – гэта глыбокія карані. І прыгожа, што гэтыя карані маюць сёньня такое разьвіцьцё. Я б узяла за аснову гэтай выставы сымбаль дрэва. Моцныя карані – гэта тое, што было. А маладое зялёнае лісьце – гэта студэнты, якія з усяго гэтага багацьця выносяць яшчэ больш новае, са сваім поглядам, але – на падставе старых традыцыяў”.

Ці шмат людзей наведвае мастацкі музэй у Магілёве? У музэі падлічылі, што сёлета там прайшло больш за 400 экскурсіяў. Прыгожы будынак музэю, помнік архітэктуры пачатку ХХ стагодзьдзя, знаходзіцца ў самым цэнтры Магілёва, і таму госьці горада, турысты, у першую чаргу наведваюць яго. Нездарма міністэрства спорту і турызму назвала Магілёўскі мастацкі музэй імя Масьленьнікава “лепшым музэем года”.

Рознабаковыя праекты – традыцыйнае акадэмічнае мастацтва й сучасны авангард – прыцягваюць увагу і саміх магілёўцаў. Да прыкладу, на наступным тыдні ў музэі пачынаюцца калядныя сустрэчы і вечарыны клясычнай музыкі, прысьвечаныя сьвяту Нараджэньня Хрыстова, да якога засталося зусім няшмат часу.