Украíна, украíнец, украíнскі

Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Дасюль у маўленьні суіснуюць формы украíнскі і укрáінскі. Варыянт укрáінскі – з націскам на а – застарэлы і не адпавядае сучаснай моўнай норме.

Слова укрáіна ўзьнікла ад назоўніка укрáй, праўдападобна, у пэрыяд пасьля распаду праславянскае моўнае супольнасьці. Першапачатна укрáіна азначала аддзелены кавалак зямлі, аддзелены абшар, аддзеленую частку тэрыторыі племя. Зь цягам часу назоўнік укрáіна пачаў ужывацца ў значэньні асобнага, самастойнага княства: былі, напрыклад, Галіцкая ўкрáіна, Кіеўская ўкрáіна. Паводле лінгвістаў, з XV стагодзьдзя ў слове укрáіна адбываўся пераход націску з кораня на суфікс, замена укрáіны на украíну. Гэты працэс і прычыніўся да суіснаваньня на працягу стагодзьдзяў акцэнталягічных варыянтаў Укрáіна і Украíна. У Тараса Шаўчэнкі, напрыклад, знаходзім абедзьве формы: “Свою Укрáїну любіть” і “В Украї΄ну ідіть, діти, В нашу Украї΄ну”.

У ХХ стагодзьдзі як ва ўкраінскай, так і ў нашай літаратурнай мове замацавалася, стала нормаю навейшая форма з націскам на трэцім складзе – Украíна. Такі самы нарматыўны націск і ў вытворных ад Украíны словах украíнец і украíнскі.

Вось жа, не парушайма нормаў. Гаворым правільна: Украíна, украíнцы, украíнскі.