Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 9 сьнежня
9 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся восеньскі або зімовы Юр’я. Усяго Юр’яў два на год. Зімовага называлі халодным, а веснавога – галодным. Абодва яны мелі дачыненьне да жывёлаў. Калі веснавы адмыкаў ключамі зямлю, і сяляне пачыналі пасьвіць кароваў, дык зімовы, гэта значыць, сёньняшні, адмыкае пашчы ваўкам, і крыважэрныя драпежнікі пачынаюць нападаць на свойскую жывёлу. А яшчэ ў дзень зімовага Юр’і коням падстрыгалі грывы і хвасты, а жарабят адымалі ад кабылаў і ставілі іх у асобныя хлявы.
9 сьнежня 1268 году быў забіты Войшалк – вялікі князь літоўскі, адзін зь сярэднявечных кіраўнікоў нашага краю. Войшалк быў сынам Міндоўга і спачатку кіраваў Наваградзкім княствам. На гэтую пасаду яго абралі самі наваградцы. Але пад націскам галіцкага князя Рамана Войшалк мусіў саступіць горад і княства. Тады ён сабраўся зь сіламі і адбіў Наваградак, а яшчэ далучыў да яго іншыя землі летапіснае Літвы, падпарадкаваў сабе Полацак і Віцебск. Галіцкія князі тым часам не пакідалі сваіх захопніцкіх плянаў. Вось жа аднойчы князь Леў Данілавіч напаў на абоз Войшалка і забіў яго.
9 сьнежня ў 1922 годзе ў Горадні быў урачыста адкрыты гісторыка-археалягічны музэй. Яго заснаваў археоляг і краязнаўца Язэп Ядкоўскі. Музэй праіснаваў да нашага часу. У ім больш за 100 тысячаў экспанатаў – археалягічныя знаходкі, манэты, дакумэнты, мастацкая калекцыя. Між іншым, у музэя ёсьць філіял – дом-музэй Максіма Багдановіча. Ён месьціцца ў будынку, дзе сям’я Багдановічаў жыла, калі Максіму не было яшчэ й пяці гадоў. Стварыла гэты філіял паэтка Данута Бічэль-Загнетава.
Дарэчы, менавіта сёньня – дзень нараджэньня Максіма Багдановіча, які прыйшоў на сьвет 9 сьнежня 1891 году. Хоць нарадзіўся Максім у Менску, але большую частку свайго жыцьця правёў за межамі Беларусі і памёр далёка ад радзімы. Усяго было яму адведзена 26 гадоў жыцьця – акурат столькі Багдановічу хапіла, каб стаць любімым паэтам многіх пакаленьняў і клясыкам беларускай літаратуры.
Калі Багдановіча са школы ведаюць усе, дык ягоны сучасьнік, паэт Станіслаў Шыманоўскі, знаёмы толькі спэцыялістам. У адрозьненьне ад Максіма, Станіслаў ня быў зь дзяцінства так шчыльна далучаны да кніжнай культуры. Нарадзіўся ён у вёсцы на Смаргоншчыне, калі вырас, патрапіў на фронт першай сусьветнай вайны, а калі вярнуўся – парабкаваў і пісаў вершы ў беларускія газэты. А ўжо ў 1920-м яго ня стала. Літаратуразнаўцы кажуць, што беларуская літаратура яшчэ не адкрыла Шыманоўскага зь ягонымі запамінальнымі малюнкамі прыроды й пацыфізмам. Нарадзіўся Станіслаў Шыманоўскі 9 сьнежня 1893 году.