Цытаты мінулага – 8 сьнежня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 8 сьнежня.
“Наша ніва”, 1914 год. Зь Меншчыны:

“Мінская гарадзкая дума пастанавіла прадаць княгіні Радзівілл за 350 тысяч вучастак гарадзкой зямлі, які знаходзіцца на углу Петрапаўлаўскай і Крэшчэнскай вул. (гдзе каланча). Княгіня купляе гэту зямлю з мэтай захаваць старасьвецкі тамака будынак домініканскаго касьцёла і ўладзіць у пабудаваных прі ім дамох дабрачынную ўстанову”.

“Чырвоная змена”, 1954 год:

“Рэдакцыя палітычнай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР выпусціла ў свет асобнай брашурай на беларускай мове даклад М.З.Сабурава на ўрачыстым пасяджэнні Маскоўскага Совета 6 лістапада 1954 года “37-я гадавіна Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэвалюцыі”. Брашура выдадзена масавым тыражом. У гэтым годзе ў рэдакцыі палітычнай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР выйшла кніга “КПСС у рэзалюцыях і рашэннях з’ездаў, канферэнцый і Пленумаў ЦК” на беларускай мове… Тры часткі кнігі “КПСС у рэзалюцыях і рашэннях з’ездаў, канферэнцый і Пленумаў ЦК” выдадзены агульным тыражом у 60 тысяч экземпляраў”.

“Голас Радзімы”, 1974 год. Вячаслаў Хадасоўскі пра стыхію на Берасьцейшчыне:

“Сілы прыроды, быцца згаварыўшыся, разам абрушыліся на людзей. Атлантычныя цыклоны, што панавалі ў гэтых раёнах больш месяца, скінулі на Палескую нізіну амаль трохгадовую норму ападкаў. Апагеем гэтага нашэсьця стаў ураган, які завяршыўся снегападам. Не ў стане саўладаць з нечаканым прытокам вады, дзесяткі рэк і рачулак вырваліся з берагоў, затапіўшы тысячы квадратных кіламетраў наваколля. Так пачалася восеньская паводка на Брэстчыне, падобнай да якой не памятае ніхто”.