“Фальшывая гарэлка” нагадвае прадукцыю легальных вытворцаў толькі этыкеткай

Міхал Стэльмак, Менск Вытворчасьць алькагольнай прадукцыі лічыцца адным з самых прыбытковых відаў дзейнасьці. Высокія даходы на гэтым рынку спрыяюць зьяўленьню тут так званага “ценявога” бізнэсу. Якімі ёсьць яго адметнасьці ў Беларусі?
Ці шмат у Беларусі так званай “фальшывай гарэлкі”? Афіцыйнай статыстыкі на гэты конт няма. З другога боку, наўрад ці можна знайсьці беларуса, які б меў сумнеў наконт існаваньня гарэлкі, вырабленай нелегальна. Пра тое, што ў Беларусі ёсьць алькагольная прадукцыя нелегальнай вытворчасьці сьведчыць і міліцэйская хроніка, якая час ад часу агалошвае факты выкрыцьця падпольнага гарэлачнага бізнэсу.

Як вынікае з гэтай хронікі, тэхналёгія вырабу фальшывай гарэлкі вызначаецца багатай фантазіяй і разнастайнасьцю. Часьцей за ўсё “пойла”, як называюць такую гарэлку ў народзе, вырабляюць на падпольных міні-заводах. Пад іх прыстасоўваюцца кватэры, катэджы, вясковыя хаты. Туды завозіцца, напрыклад, этылявы сьпірт, і пры дапамозе звычайнай вады гарэлачныя дзялкі робяць алькагольныя напоі.

Часьцей яны вырабляюцца ўручную, але ёсьць і выпадкі, калі гэты працэс “падпольшчыкі” аўтаматызуюць. Напрыклад, у мястэчку Ратамка, што пад Менскам, міліцыянты ў адным з катэджаў “накрылі” цэх, дзе аўтаматыка разьлівала адразу шэсьць бутэлек. А ў вёсцы Янава, што ў Баранавіцкім раёне, на месцы вытворчасьці фальшывай гарэлкі міліцыянты знайшлі вядомую многім стаматалягічную бор-машыну, пры дапамозе якой бутэлькі закрываліся коркамі. Відавочцы сьцьвярджаюць, што гэтая гарэлка “янаўскага” разьліву, якая мела назоў “Сталіца”, зьнешне была вельмі падобная на аднайменную марку прадукцыі Берасьцейскага лікёра-гарэлачнага заводу.

Легальныя вытворцы здольныя адрозьніць падробку ад арыгінальнай маркі. У Маладэчанскім раёне ёсьць гарэлачны завод “Аквадзіў”. Дык вось, намесьнік дырэктара гэтага прадпрыемства Аляксандр Войнікаў у гутарцы са мной зазначыў, што ён сваю прадукцыю ня зблытае ні зь якой іншай. І ня толькі па зьнешнім выглядзе, але й, так бы мовіць, па смаку.

Не адмаўляюць існаваньня падробак і на Берасьцейскім лікёра-гарэлачным заводзе. У прыватнасьці, вось якімі назіраньнямі на гэты конт падзяліўся са мной галоўны тэхноляг прадпрыемства Ўладзімір Хвісюк:

(Хвісюк: ) “Бярэцца сьпірт, мяшаецца ў кустарных умовах, і ўсё. А этыкетка Берасьцейскага лікёра-гарэлачнага заводу”.

(Карэспандэнт: ) “А ці можна зрабіць этыкетку так, каб яна была падобнай на вашу?”

(Хвісюк: ) “А чаму ж не? На сёньня ёсьць аргтэхніка, на якой даляры робяць”.

(Карэспандэнт: ) “А ці могуць “фальшывагарэлачнікі” зрабіць прадукцыю, якая б па якасьці нагадвала вашу?”

(Хвісюк: ) “Падобную яны ніяк ня змогуць зрабіць. Таму што ў нас існуе свая тэхналёгія. Адзінае падабенства можа быць з этыкеткай”.