Амбасада ЗША выступіла з заявай наконт рэпрэсіўных мер супраць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі

Ганна Соусь, Менск У заяве гаворыцца, што ЗШІА з усё большай занепакоенасьцю назіраюць за ўзмацненьнем нападаў на незалежную грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. Сытуацыя пасьля кастрычніцкіх выбараў, якія самі былі відавочна недэмакратычнымі, паказвае, што гэты ўціск расьце.
У заяве прыводзяцца прыклады парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі за апошнія некалькі месяцаў – гэта прыпыненьне выхаду шэрагу беларускіх газэтаў, арышты за распаўсюджаньне інфармацыі ў многіх гарадах Беларусі, арышты і штрафы за ўдзел ў мірных дэманстрацыях, накладаньне вялікага штрафу на рэдактара “Местной газеты” Андрэя Шантаровіча, завядзеньне крымінальнай справы супраць намесьніка старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы за абразу прэзыдэнта.

У заяве амбасады ЗША адзначаецца, што ўрад Беларусі не зрабіў ніякіх спробаў прыцягнуць да адказнасьці тых асобаў, па ўсёй верагоднасьці афіцэраў міліцыі, якія жорстка зьбілі старшыню АГП Анатоля Лябедзьку і журналістаў Віктара Кузьміна і Канстанціна Марозава 19 кастрычніка, а таксама журналіста Паўла Шарамета 18 кастрычніка.

З-за гэтых дзеяньняў Беларусь мае адзін з самых нізкіх рэйтынгаў у сьвеце паводле ўзроўню свабоды сродкаў масавай інфармацыі, адзначаецца ў заяве амбасады ЗША у Беларусі.