Першая гадавіна інтэрнэт-праекту “Тузін гітоў”

Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 4 сьнежня). Новая перадача сэрыі “Па-за тактам” прысьвечаная вэбсайту “Тузін гітоў”, якому споўніўся адзін год.
(Зьміцер Падбярэскі: ) “Прыйшоў сьнежань, а зь ім — цэлы шэраг разнастайных сьвятаў. Сёлета да іх дадаецца яшчэ адно: 12 сьнежня ў Малой залі Палацу Рэспублікі мае адбыцца зборны канцэрт, прысьвечаны першай гадавіне новага музычнага рэсурсу ў сеціве, які мае назву “Тузін гітоў” (music.fromby.net). Беларуская Свабода зьвяртае на гэтую падзею ўвагу ня толькі таму, што выступае ў якасьці аднаго з інфармацыйных спонсараў гэтага сьвята, але й яшчэ таму, што за год існаваньня “Тузін гітоў”, на нашую думку, у значнай ступені паўплываў на некаторыя працэсы разьвіцьця рынку сучаснай айчыннай музыкі й нават прадбачыў некаторыя цалкам новыя для яго зьявы.

Сёньня можна ўпэўнена казаць пра тое, што праект “Тузін гітоў” — гэта адзінае месца ў сеціве, якое можа прапанаваць слухачам найбольшы выбар найноўшых запісаў папулярнай беларускай музыкі. Пагутарыць і, магчыма, паспрачацца адносна кароткай гісторыі сайту я запрасіў у студыю Радыё Свабода аднаго з ініцыятараў стварэньня “Тузіна гітоў” журналіста Сяргея Будкіна і такога ж маладога музыканта, удзельніка групы “IQ48” Аляксандра Ракаўца. Дзень вам добры і — са святам! Маё першае пытаньне Сяргею Будкіну: калі шчыра, ці былі вы ўпэўненыя, калі пачыналі, што здолееце ўтрымаць свой праект пры жыцьці?”

(Сяргей Будкін: ) “Мы былі досыць упэўненыя, таму што мы не маглі падвесьці тых жа музыкаў, якія далі нам свае песьні на некалькі першых тураў. Да таго ж мы зрабілі такую досыць упэўненую заяву, і таму мы з усіх сілаў працавалі”.

(Падбярэскі: ) “А вось што, цікава, праявілася з часам з таго, што вы не маглі прадбачыць?”

(Будкін: ) “Мы сутыкнуліся з накруткамі галасоў. Гэта мы прадбачылі, але не прадбачылі такой рэакцыі з боку музыкантаў. Музыканты ў прынцыпе крыўдавалі, што мы здымалі накручаныя галасы. Сутыкнуліся мы і з хакерскімі нападамі. Зь імі сутыкнуліся напэўна і многія іншыя беларускамоўныя сайты, у прыватнасьці, пасьля рэфэрэндуму не працаваў, я ведаю, прынамсі, зь дзясятак такіх сайтаў. У тым ліку і “Тузін гітоў”. Некалькі тыдняў наш сайт “ляжаў”. І мы нічога з гэтым не маглі зрабіць”.

(Падбярэскі: ) “У сувязі з папярэднім — традыцыйнае нетактоўнае пытаньне. Пачынаўся “Тузін” са скандалу, калі пераможца першага туру, лідэр групы “Ўліс” Вячаслаў Корань абурыўся на абвінавачаньне ў тым, што сапраўды нехта “накручвае” “Ўлісу” галасы — і наагул зьняў сваю песьню з гіт-параду. Сяргей! А ці ня точаць нажы за вашымі сьпінамі некаторыя музыканты, незадаволеныя вынікамі таго ці іншага туру?”

(Будкін: ) “Сытуацыя, якая была з Коранем, — гэта хутчэй за ўсё выключэньне, так можна яе назваць. Хоць яшчэ раз у гісторыі нашага парталу песьню здымалі. Гэта быў гурт “А потом”, але тады іх экспэрт крыху абразіў. Я б не казаў, што нехта там точыць нажы, таму што збольшага я сутыкаўся толькі з пазытыўным стаўленьнем да “Тузіна гітоў”. Крытыкі, я думаю, стае — дастаткова пачытаць толькі тыя ж камэнтары экспэртаў ці тую ж гасьцёўню, дзе зьбіраюцца найлепшыя музычныя журналісты і абмяркоўваюць апошнія нейкія падзеі”.

(Падбярэскі: ) “Цяпер хачу спытацца аднаго з удзельнікаў “Тузіна гітоў” — Аляксандар, ці паўплывала адкрыцьцё ў сеціве гэтага рэсурсу на актыўнасьць айчынных музыкантаў?”

(Аляксандар Ракавец: ) “Так! Музыкі, як толькі запішуць нейкую новую песьню, адразу ж жадаюць яе прадставіць слухачам і кідаюць на “Тузін гітоў”. І калі яна знаходзіцца ў ім на нейкім месцы, калі за яе нехта галасуе, гэта вельмі прыемна. І відаць: тое, што ты робіш, некаму патрэбна, акрамя цябе самога”.

(Будкін: ) “Калі казаць пра папулярнасьць нейкай песьні на “Тузіне”, то можна прадказаць і нейкую большую пасьпяховасьць продажу альбомаў з гэтай песьняй”.

(Падбярэскі: ) “Аляксандар! А як, на тваю думку, ці можна ўвогуле казаць пра тое, што “Тузін гітоў” зрабіўся такім пэўным клюбам для беларускіх музыкантаў?”

(Ракавец: ) “Такі, можа, ня тое што клюб нават, а такі гурт з адной ідэяй. Нягледзячы на тое, што цяпер склалася цяжкая сытуацыя і з канцэртамі, і проста з выступамі, але музыкі, не пакладаючы рук, пішуць, спрабуюць зрабіць усё, каб выйсьці зь перамогай з гэтай складанай сытуацыі”.

(Падбярэскі: ) “Сяргей! Я ведаю, што вы ў свой час паспрабавалі высьветліць статыстыку найбольш папулярных песень, зыходзячы з таго, як часта іх скачваюць. Ты можаш сказаць, хто там на першых пазыцыях?”

(Будкін: ) “Запампоўваньне песень — гэта ўсё ж лепшы паказчык. Гэта не галасы, аддадзеныя за песьню, гэта ня колькасьць заходаў на сайт, гэта менавіта колькасьць праслухоўваньня песьні адным чалавекам. Можна лічыць рэкордам у беларускім інтэрнэце апошнія падзеі з “Нэйра Дзюбэлем”, калі песьню “Жыцьцё” спампавала каля 4 тысяч чалавек. Мы лічым гэта за агульны рэкорд у Белнэце. Сусьветны рэкорд належыць адной песьні Дэвіда Боўі, якую ў 1997 годзе спампавала 37 тысяч чалавек…”

(Падбярэскі: ) “Трыццаць сем ці трыста семдзесят?”

(Будкін: ) “Трыццаць сем тысяч. Ну, а ў нас атрымаўся такі невялікі беларускі рэкорд”.

(Падбярэскі: ) “Пытаньне да вас абодвух. Чаго, на тваю думку, востра не хапае гэтаму сайту?”

(Ракавец: ) “Ня тое што сайту не хапае… Не хапае таго, каб тыя людзі, якія працуюць з гэтым сайтам, нейкія свае думкі ўвасаблялі ня толькі на сайце, але і па-за яго межамі. Вось як будзе на канцэрце 12 сьнежня”.

(Будкін: ) “Сёньня можна казаць, што ў нас хутка цалкам абнаўляецца дызайн, зьяўляецца беларускамоўны форум, так што з гэтым усё будзе добра. Мы будзем і надалей працаваць над разьдзелам “Заля славы беларускага рок-н-ролу”. А не хапае нам найперш кадраў. Даводзіцца працаваць толькі ўдваіх-утраіх. Мы працуем зь Ветрам Мэханічным (дарэчы, у яго сёньня дзень нараджэньня), Аляксеем Мінчонкам, які займаецца піярам. Ну і я. Нам не хапае допісаў, таму што за навіны адказваю я, і таму мушу аднаўляць навіны сам. Хацелася б больш кадраў, больш зацікаўленых людзей, таму што ўсё ж такі ўтрох даволі цяжкавата працаваць”.

(Падбярэскі: ) “Карыстаючыся нагодай, зьвяртаемся найперш да маладых слухачоў Беларускай Свабоды: прыходзьце, дапамагайце “Тузіна гітоў” разьвівацца… Можна часта пачуць, што новай беларускай музыкі мала. Ці заўсёды вы без праблемаў знаходзіце новыя песьні й ці будзеце пашыраць стылёвыя рамкі?”

(Будкін: ) “Мы намагаемся пашырыць стылёвыя рамкі ўжо недзе з паўгоду, але ў мяне неяк рука не паварочваецца паставіць у гіт-парад песьню ў выкананьні Саладухі, таму што ў прынцыпе, я так думаю, вынікі галасаваньня будуць прадказальныя”.

(Падбярэскі: ) “Прабач, Сяргей, але ў такіх сытуацыях звычайна гучыць рэмарка: агульны сьмех у залі… Хоць я б асабіста не сьмяяўся”.

(Будкін: ) “Тры новыя песьні, якія на днях уваходзяць у тузін, я імкнуўся выбраць так, каб яны былі ў розных стылях, розных жанрах, каб гэта было цікава слухаць і розным людзям”.

(Падбярэскі: ) “Калі галоўная задача “Тузіна гітоў” — паказваць усё ж усю разнастайнасьць сучаснай беларускай папулярнай музыкі, то, канечне ж, засяроджвацца толькі на рок-музыцы, відаць, і ня варта”.

(Будкін: ) “Мы намагаліся ставіць і нейкія папсовенькія песьні, і больш сур’ёзныя творы інструмэнтальнай музыкі, але ўсё ж такі яны звычайны знаходзіліся ў самым нізе табліцы, хутка выляталі, і гэта…”

(Падбярэскі: ) “Ну-ну… І што гэта?”

(Будкін: ) “Гэта — практыка ўсясьветных гіт-парадаў. Такія творы ніколі не знаходзяцца на першых месцах”.

(Падбярэскі: ) “Ага, атрымліваецца — ты выкруціўся, спасылаючыся на ўсясьветны досьвед… Пэўны час радыёвэрсія “Тузіна гітоў” мела сваё месца ў сетцы менскага радыё “Рокс”. Сёньня, калі FM-станцыі ў Беларусі абавязаны 75% эфіру аддаваць менавіта беларускай музыцы, ці не выходзілі на вас з прапановай аднавіць тую радыёвэрсію?”

(Будкін: ) “Радыё “Рокс” ня супраць такой праграмы, але існуюць праблемы фінансавага кшталту адносна рэклямадаўства. Раней гэта быў нейкі такі паўгадавы экспэрымэнт, які адбываўся без аніякай фінансавай дапамогі, толькі на энтузіязьме як супрацоўнікаў радыё “Рокс”, так і нашым. Цяпер, калі знойдзецца рэклямадаўца, я думаю, што знойдзецца і месца беларускамоўнай музыцы ў FM-эфіры”.

(Падбярэскі: ) “Нарэшце, дыск, які, як я разумею, вы плянуеце выдаць у зьвязку з гадавінай сайту…”

(Будкін: ) “Самі музыканты на адбор твораў для яго не ўплывалі. Мы кіраваліся прынцыпам найбольшай папулярнасьці песьняў. Напрыклад, тыя ж “IQ48”, тыя ж ранейшыя лідэры кшталту Аляксандра Памідорава, Зьмітра Вайцюшкевіча, натуральна, увойдуць у гэтую складанку. Я думаю, што яна задаволіць усіх прыхільнікаў беларускай музыкі”.

(Падбярэскі: ) “І калі можна чакаць гэты дыск?”

(Будкін: ) “У першым квартале наступнага году”.

(Падбярэскі: ) “Я нагадаю, што ўдзельнікамі чарговага выданьня праграмы “Па-за тактам” былі адзін з заснавальнікаў сайту “Тузін гітоў” журналіст Сяргей Будкін і музыкант групы “IQ48” Аляксандр Ракавец, сустрэцца зь якімі яшчэ раз вы здолееце на канцэрце 12 сьнежня. Посьпехаў вам і шмат гадоў “Тузіна гітоў”, ягоным арганізатарам і ўдзельнікам!

У праграме прагучалі фрагмэнты песень “Выйсьце” ў выкананьні групы “IQ48” і Аляксандра Памідорава, “Дуду-дада” дуэту “Аляксандра і Канстанцін”, “Блюз белай ночы” Юрыя Несьцярэнкі й групы “Крама”.