26 сьнежня ва Украіне адбудзецца новае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах

КІЕЎ. Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны сёньня прызначыла датай правядзеньня новага галасаваньня ў другім туры выбараў прэзыдэнта 26 сьнежня. Цяпер дату правядзеньня выбараў мусіць зацьвердзіць парлямант Украіны і падпісаць прэзыдэнт Леанід Кучма. Аднак, парлямант адмовіўся галасаваць за зьмены ў законы аб выбарах і за новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія прапаноўвалі дэпутаты ад апазыцыі. Прадстаўнікі Камуністычнай партыі і праўладныя дэпутаты адмовіліся галасаваць за гэтыя законы пасьля таго, як дэпутаты ад апазыцыі заявілі, што ня будуць галасаваць за зьмены ў Канстытуцыю ў пытаньнях рэформы канстытуцыйнага ладу. Сёньня прэм’ер-міністар Украіны Віктар Януковіч заявіў, што ён будзе браць удзел у выбарах. Прэсавы сакратар Януковіча Ганна Герман заявіла, што прэм’ер-міністар застанецца кандыдатам на пасаду прэзыдэнта , хаця ён перакананы, што ўчорашняе рашэньне Вярхоўнага Суду Ўкраіны супярэчыць канстытуцыі.